Францішак падчас наведвання Прэзідэнцкага палаца ў Джакарце Францішак падчас наведвання Прэзідэнцкага палаца ў Джакарце  (AFP or licensors)

Пантыфік у падарожжы: хто суправаджае Францішка?

У параўнанні з папярэднімі паездкамі, у цяперашнім азіяцкім падарожжы Папу суправаджае значна менш кардыналаў з Рымскай курыі. Упершыню побач з ім знаходзяцца абодва асабістыя сакратары.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін не змог прыняць удзел у візіце з прычыны смерці сваёй 96-гадовай маці. З ватыканскіх кардыналаў прысутнічае толькі філіпінец Луіс Антоніа Тагле. Адсутнічаюць, напрыклад, кардынал Мігель Анхель Аюса, адказны за міжрэлігійны дыялог, і швейцарскі кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Францішак знаходзіцца ў сваім самым доўгім і, магчыма, самым складаным замежным падарожжы. 87-гадовы Пантыфік прыбыў 3 верасня 2024 года ў Джакарту, сталіцу Інданезіі, што з'яўляецца першым пунктам яго 12-дзённай паездкі па Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі. Яна ўключае Інданезію, Папуа-Новую Гвінею, Усходні Тымор і Сінгапур.

Упершыню абодва прыватныя сакратары Папы – 45-гадовы Фабіа Салерна і 41-гадовы Даніэль Пелісон – суправаджаюць яго падчас візіту. Побач з Святым Айцом таксама новы камердынер Даніэле Керубіні, які нядаўна замяніў Сандра Марыёці пасля 12 гадоў яго служэння Пантыфіку. У Інданезіі ў якасці перакладчыка Папы выступае айцец Маркус Сола, які паходзіць з вострава Флорэс.

Нягледзячы на доўгае падарожжа ў незвычайным клімаце і значную розніцу ў часе, не было прынята ніякіх дадатковых медыцынскіх мер. Францішка, як заўсёды, суправаджаюць урач і медсястра.

У склад дэлегацыі ўвайшоў і езуіт Антоніа Спадара, які з'яўляецца падсакратаром у Дыкастэрыі па культуры і адукацыі. Папу таксама суправаджаюць каля 70 журналістаў розных сусветных выданняў.
 

04 верасня 2024, 10:30