Кардынал Бешара Бутрас Раі Кардынал Бешара Бутрас Раі  

Маранiцкi патрыярх асудзіў вайну і заклікаў да міру ў Ліване

Маранiцкi Патрыярх, кардынал Бешара Бутрас Раі асудзіў вайну ў Ліване і яе разбуральныя наступствы, заклікаўшы да дыпламатычнага вырашэння сітуацыі ў рэгіёне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У нядзельным казанні, якое прагучала падчас Эўхарыстыі ў летняй патрыяршай рэзідэнцыі ў Дымане, іерарх звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам сур'ёзна ўключыцца ў спыненне спіралі вайны, забойстваў і разбурэнняў у Ліване. Мэта гэтага – усталяванне справядлівага міру, які гарантаваў бы правы ўсіх народаў і частак рэгіёна.

“Смерць людзей і разбурэнні адбываюцца ў адно імгненне, тады як аднаўленне займае шмат часу і грошай”

Патрыярх падкрэсліў, што для ліванцаў настаў час усвядоміць: яны не могуць разлічваць на падтрымку звонку. Дапамога можа прыйсці толькі ад іх саміх, калі яны аб'яднаюцца і праявяць салідарнасць у арганізацыі спраў Лівана ў духу нацыянальнага пакта.

“Кроў пакутнікаў кліча нас абараняць Ліван ад любой агрэсіі і абраць прэзідэнта рэспублікі”

Кардынал Раі выказаў спачуванні сям'і і сябрам лідара Хезбалы Хасана Насралы, які загінуў у пятніцу ў выніку ізраільскім авіяўдары па Бейруту. Ён адзначыў, што забойства пакінула рану ў сэрцах ліванцаў, і ўказаў на пакуты хрысціянскіх і мусульманскіх лідараў як на "бастыён адзінства" сярод ліванцаў.

Як кіраўнік найбуйнейшай хрысціянскай Царквы ў Ліване, Патрыярх Раі мае вялікае палітычнае значэнне. Маранiты з'яўляюцца найбуйнейшай хрысціянскай супольнасцю ў краіне, складаючы ад 20 да 40 працэнтаў насельніцтва.

Згодна з пагадненнем, заключаным пры атрыманні Ліванам незалежнасці ў 1943 годзе, маранiты заўсёды забяспечваюць прэзідэнцтва дзяржавы, у той час як прэм'ер-міністрам з'яўляецца суніт, а старшынёй парламента – шыіт.
 

30 верасня 2024, 10:26