Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Астэроід названы ў гонар езуіта Пятра Скаргі

Міжнародны астранамічны саюз (IAU) назваў астэроід у гонар езуіта Пятра Скаргі, заснавальніка Віленскага ўніверсітэта і выбітнага дзеяча Контррэфармацыі. Ён быў адкрыты ў 2007 годзе ў літоўскай абсерваторыі Малетай (Moletai).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рабочая група Астранамічнага саюза апублікавала ў сваім бюлетэні інфармацыю пра новую назву астэроіда – (327977) Skarga. Гэта рашэнне падкрэслівае значнасць фігуры манаха з Таварыства Езуса не толькі для касцельнай гісторыі, але і для развіцця навукі і адукацыі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

Пётр Скарга (1536-1612) вядомы не толькі як заснавальнік і першы рэктар Віленскага ўніверсітэта, але і як уплывовы прапаведнік пры польскім каралеўскім двары. Яго літаратурная спадчына ўключае зборнік казанняў, прамоўленых у польскім парламенце, а таксама жыціі святых, якія сталі класікай польскай духоўнай літаратуры. У 2012 годзе, у 400-ю гадавіну смерці Скаргі, польскі парламент абвясціў год памяці езуіта.

Цікава, што Пётр Скарга – не адзіны езуіт, чыё імя носіць нябеснае цела. Больш за 40 астэроідаў названыя ў гонар членаў Таварыства Езуса, многія з якіх працавалі ў Ватыканскай абсерваторыі. Нядаўна таксама былі ўшанаваныя чатыры італьянскія манахіні, якія ў пачатку XX стагоддзя па даручэнні Святога Пасада займаліся картаграфаваннем начнога неба.

Працэс наймення астэроідаў каардынуецца Цэнтрам малых планет Міжнароднага астранамічнага саюза і складаецца з некалькіх этапаў. Права прапанаваць імя мае даследчык, які прадставіў дастаткова дадзеных для разліку арбіты нябеснага цела. Пасля гэтага прапанова разглядаецца спецыяльнай рабочай групай і, у выпадку зацвярджэння, публікуецца афіцыйна.

Наданне астэроіду імя Пятра Скаргі не толькі ўшаноўвае памяць выбітнага езуіта, але і падкрэслівае сувязь паміж навукай і верай, якая заўсёды была важнай часткай місіі Каталіцкага Касцёла.
 

17 кастрычніка 2024, 11:27