Франкфурцкі кірмаш: выданні Францішка і Бэнэдыкта XVI
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сёлета дэвізам найбуйнейшай у свеце падзеі кніжнай індустрыі стаў лозунг FBM24 is Read!ng, а ганаровым госцем выступае Італія.
Сярод удзельнікаў – Ватыканскае выдавецтва Libreria Editrice Vaticana (LEV), якое прэзентуе дзве кнігі Францішка: Надзея – гэта святло ўначы. Разважанні пра пакорную цноту (La speranza è una luce nella notte. Meditazioni sulla virtù umile) і Вера – гэта падарожжа. Разважанні для вандроўнікаў і пілігрымаў (La fede è un viaggio. Meditazioni per viandanti e pellegrini).
Наведвальнікі кірмашу таксама атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з унікальным зборнікам непублічных казанняў Бэнэдыкта XVI Пан трымае нас за руку. Адвэнт, Вялікі пост, Вялікдзень. Неапублікаваныя гаміліі (Il Signore ci tiene per mano. Avvento, Quaresima, Pasqua. Omelie inedite). Гаворка ідзе пра глыбокія разважанні, якімі Бэнэдыкт XVI дзяліўся ў вузкім коле ў гады свайго пантыфікату і ў першыя гады пасля сыходу.
Асаблівае месца займае кніга-расследаванне журналіста Франчэска Каміны Лязо і крыж. Гісторыі католікаў, якія супрацьстаялі Гітлеру (La lama e la croce. Storie di cattolici che si opposero a Hitler), якая знаёміць чытачоў з гісторыямі католікаў-антынацыстаў.
Нямецкая асацыяцыя кнігагандлю падкрэсліла глыбокія змены на кніжным рынку, выкліканыя штучным інтэлектам. Дырэктарка асацыяцыі Карын Шмідт-Фрыдэрыхс адзначыла, што штучны інтэлект прапануе шмат магчымасцей для выдаўцоў, кнігарняў і лагістыкі, але пакуль не здольны пісаць захапляльныя, раздражняльныя, кранальныя і натхняльныя тэксты.
Дырэктар Франкфурцкага кніжнага кірмашу Юрген Боос звярнуў увагу на тое, што на асноўных інтэрнэт-платформах зараз даступна 50 тысяч аўдыёкніг, створаных выключна з выкарыстаннем галасоў, згенераваных штучным інтэлектам. Гэта таксама паказвае змены на рынку. Аднак кніжны кірмаш – гэта месца, дзе можна пачуць сапраўдныя галасы і сустрэцца з сапраўднымі аўтарамі.
Франкфурцкі кніжны кірмаш мае больш чым 500-гадовую гісторыю. Першы сучасны кірмаш адбыўся ў 1949 годзе, а з 1988 года кожны год выбіраецца краіна-госць, якая прэзентуе ўласную літаратуру і культурную праграму.