Фрэскі ў катакомбах Ad Decimum Фрэскі ў катакомбах Ad Decimum 

Нідэрланды вярнулі Ватыкану старажытную хрысціянскую рэліквію

Нідэрланды перадалі Святому Пасаду старажытную надмагільную пліту з катакомбаў Ad Decimum. Надпіс на ёй лічыцца адным з найстарэйшых упамінанняў імя Хрыста.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Унікальны артэфакт быў выяўлены ў лістападзе мінулага года ў выніку сумеснай аперацыі італьянскай і галандскай паліцыі. З таго часу ён захоўваўся ў Нацыянальным музеі Утрэхта.

У нядзелю ў катакомбах Ad Decimum адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы старажытнай надмагільнай пліты. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Святога Пасада, Італіі і Нідэрландаў. Падчас цырымоніі падкрэслівалася важнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў справе захавання культурнай спадчыны.

Папская камісія па сакральнай археалогіі лічыць, што надпіс на пліце, выкананы грэчаскімі літарамі, з'яўляецца адным з найстарэйшых вядомых упамінанняў імя Хрыста. Гэта робіць знаходку асабліва каштоўнай для вывучэння гісторыі ранняга хрысціянства.

Катакомбы Ad Decimum, размешчаныя ў горадзе Гротаферата прыкладна ў 20 кіламетрах ад Рыма, былі выпадкова адкрытыя ў 1905 годзе. Гэты падземны могільнік датуецца III-V стагоддзямі і вядомы сваімі багата ўпрыгожанымі фрэскамі з хрысціянскімі матывамі.

Лічыцца, што надмагільная пліта была выкрадзена з катакомбаў у 1980-я гады.
 

14 кастрычніка 2024, 09:27