Італія: жорсткія меры супраць сурагатнага мацярынства
Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новы закон, прыняты Сенатам Італіі 16 кастрычніка 2024 года, прадугледжвае пакаранне да двух гадоў турэмнага зняволення і штрафы да 1 мільёна еўра за звяртанне да паслуг сурагатнага мацярынства за мяжой. Гэта рашэнне выклікала шырокі рэзананс як у самой Італіі, так і за яе межамі.
Хоць сурагатнае мацярынства было забаронена ў Італіі і раней, новы закон распаўсюджвае забарону на выпадкі, калі італьянцы звяртаюцца па гэтыя паслугі ў краінах, дзе яны легальныя, напрыклад, у Грузіі, Украіне ці ў некаторых штатах ЗША.
Рашэнне італьянскага ўрада было станоўча ўспрынята шырокім спектрам актывістаў – ад левых феміністак да католікаў і праваабаронцаў дзяцей, піша Catholic Herald. Яны разглядаюць сурагатнае мацярынства як эксплуататарскую практыку ў адносінах да жанчыны і жорсткую практыку ў адносінах да дзіцяці, ператварэнне абодвух у тавар.
Індустрыя сурагатнага мацярынства дэманструе ўражваючы рост. Паводле прагнозаў, да 2033 года прыбытак ад яе можа вырасці з 14 мільярдаў да 133 мільярдаў долараў ЗША. Гэта выклікае сур'ёзную занепакоенасць у праваабаронцаў, якія баяцца, што такі рост прывядзе да большай камерцыялізацыі і эксплуатацыі.
У Вялікабрытаніі абаронцы правоў жанчын заклікаюць свой урад пайсці па шляху Італіі. Яны сцвярджаюць, што больш за палову дзяцей, народжаных ад сурагатных маці ў Вялікабрытаніі, з'яўляюцца вынікам камерцыйных дамоў, заключаных у замежных краінах.
Лексі Элінгсворт, сузаснавальніца арганізацыі Stop Surrogacy Now UK, выказвае меркаванне: "Міжнароднае сурагатнае мацярынства азначае, што дзяцей забіраюць ад маці пры нараджэнні, без магчымасці ўз'яднання, а жанчынам з нізкім узроўнем даходаў у краінах, якія развіваюцца, плацяць усяго 11 800 фунтаў стэрлінгаў за рызыку цяжарнасці і родаў для багатых, заходніх пар. Гэта непрымальнае злоўжыванне як жанчынай, так і дзіцём. Гэта не прагрэсіўны спосаб стварэння сям'і ці рашэнне праблемы бясплоднасці. Сурагатнае мацярынства ва ўсіх формах павінна быць забаронена".