2024.10.24 santa sede repubblica ceca bandiere

Чэхія і Святы Пасад: падпісанне гістарычнага канкардату

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці 24 кастрычніка 2024 года знаходзіцца ў Празе для падпісання канкардату з Чэхіяй і сустрэчы з кіраўніцтвам краіны і біскупамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт кардынала П’етра Параліна ў Прагу стане знакавай падзеяй у гісторыі адносін паміж Чэхіяй і Святым Пасадам. Падпісанне дамовы адбудзецца падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Петрам Фіялай.

У праграме візіту таксама запланавана сустрэча з прэзідэнтам Петрам Паўлам. Кульмінацыяй дня стане святая Імша ў пражскай катэдры ў 15.00, якую кардынал Паралін будзе цэлебраваць разам з чэшскімі і мараўскімі біскупамі. Набажэнства будзе трансліраваць чэшскае грамадскае тэлебачанне ČT2.

Падчас сустрэч плануецца абмеркаваць шэраг важных пытанняў, сярод якіх – двухбаковыя адносіны, сітуацыя ва Украіне і пасрэдніцкая роля Святога Пасада, а таксама падзеі на Блізкім Усходзе. Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням рэлігійнай свабоды ў свеце.

Трактат, які будзе падпісаны, быў зацверджаны чэшскім урадам на мінулым тыдні. Ён закліканы замацаваць узаемаадносіны паміж дзвюма дзяржавамі і гарантаваць свабоду веравызнання грамадзян, а таксама абараніць інтарэсы рэлігійных супольнасцей у Чэшскай Рэспубліцы.
 

24 кастрычніка 2024, 11:17