Каталіцкі Касцёл у Карэі занепакоены ізаляцыяй Поўначы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нядаўнія паведамленні сведчаць, што Паўночная Карэя можа рыхтавацца да знішчэння ключавых камунікацыйных шляхоў, якія злучаюць абедзве карэйскія дзяржавы. Гэта выклікае сур'ёзную трывогу ў каталіцкай супольнасці Паўднёвай Карэі.
Арцыбіскуп Сеула і апостальскі адміністратар Пхеньяна, арцыбіскуп Пітэр Сун-Таік Чунг, падзяліўся сваімі думкамі з місійным агенцтвам Fides. Ён перакананы, што нягледзячы на дзеянні камуністычнага рэжыму з Поўначы, неабходна "марыць пра мірнае суіснаванне і падтрымліваць святло надзеі ў карэйскім грамадстве, асабліва сёння, у цяперашнім тупіку, калі адбываецца поўная блакада камунікацыйных шляхоў, а сітуацыя вельмі змрочная".
Арцыбіскуп Сеула таксама падкрэсліў важнасць надыходзячага Юбілею 2025 года: "Мы набліжаемся да Святога года, тэмай якога з'яўляецца надзея: мы пілігрымы надзеі, таксама ў дачыненні да адносін з Поўначчу".
Біскуп Чунчхона і старшыня Камісіі Епіскапату па пытаннях паяднання, біскуп Сайман Кім Джу-ён, адзначыў складанасць сітуацыі: "Абодва бакі глядзяць адзін на аднаго з пэўнай варожасцю, і ўсе каналы зачынены, нават гуманітарнай дапамогі, які быў адкрыты ў мінулым."
Паводле меркавання палітычных назіральнікаў, у цяперашняй міжнароднай сітуацыі, адзначанай войнамі ў Еўропе і на Блізкім Усходзе, узрос попыт на зброю, а Паўночная Карэя з'яўляецца адной з краін, якія прадаюць тэхніку са свайго ваеннага арсенала. Гэты сектар дзейнічае як рухавік паўночнакарэйскай эканомікі, якая такім чынам менш залежыць ад знешняй дапамогі.
Касцёл у Паўднёвай Карэі працягвае сваю малітоўную місію. Біскуп Сайман Кім Джу-ён падзяліўся прыкладамі: "У некаторых дыяцэзіях вернікі збіраюцца вечарам, каб прасіць Бога аб паяднанні і міры. У Сеуле штотыдзень адпраўляецца Імша ў гэтай інтэнцыі, а ў маёй дыяцэзіі Чунчхон мы арганізуем адмысловую малітву ў 25-ы дзень кожнага месяца."
Ва ўсіх дыяцэзіях Карэі існуе Камісія паяднання і аб'яднання карэйскага народа, у якой духавенства, манахі і свецкія вернікі сустракаюцца, каб размаўляць пра мір і працягваць павышаць дасведчанасць людзей наконт неабходнасці міру. Нягледзячы на цяжкасці, Касцёл у Карэі працягвае сваю місію міру і надзеі, верачы ў магчымасць паяднання і аб'яднання карэйскага народа.