Барыкады бачныя на ваенным кантрольна-прапускным пункце на мосце Тонгіл, дарозе, якая вядзе ў паўночнакарэйскі горад Кэсон Барыкады бачныя на ваенным кантрольна-прапускным пункце на мосце Тонгіл, дарозе, якая вядзе ў паўночнакарэйскі горад Кэсон  (AFP or licensors)

Каталіцкі Касцёл у Карэі занепакоены ізаляцыяй Поўначы

Каталіцкі Касцёл у Паўднёвай Карэі выказвае занепакоенасць дзеяннямі паўночнакарэйскага рэжыму, які перакрывае наземныя шляхі зносін паміж дзвюма Карэямі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нядаўнія паведамленні сведчаць, што Паўночная Карэя можа рыхтавацца да знішчэння ключавых камунікацыйных шляхоў, якія злучаюць абедзве карэйскія дзяржавы. Гэта выклікае сур'ёзную трывогу ў каталіцкай супольнасці Паўднёвай Карэі.

“Многія маладыя людзі на Поўдні пачынаюць верыць, што паяднанне ці аб'яднанне не з'яўляюцца рэальнымі шляхамі. Надзея знікае”

Арцыбіскуп Сеула і апостальскі адміністратар Пхеньяна, арцыбіскуп Пітэр Сун-Таік Чунг, падзяліўся сваімі думкамі з місійным агенцтвам Fides. Ён перакананы, што нягледзячы на дзеянні камуністычнага рэжыму з Поўначы, неабходна "марыць пра мірнае суіснаванне і падтрымліваць святло надзеі ў карэйскім грамадстве, асабліва сёння, у цяперашнім тупіку, калі адбываецца поўная блакада камунікацыйных шляхоў, а сітуацыя вельмі змрочная".

“Наша задача – працягваць малітву і адукацыю дзеля міру: Касцёл па-ранейшаму ставіць пытанне пра тое, што можна і трэба зрабіць дзеля міру”

Арцыбіскуп Сеула таксама падкрэсліў важнасць надыходзячага Юбілею 2025 года: "Мы набліжаемся да Святога года, тэмай якога з'яўляецца надзея: мы пілігрымы надзеі, таксама ў дачыненні да адносін з Поўначчу".

Біскуп Чунчхона і старшыня Камісіі Епіскапату па пытаннях паяднання, біскуп Сайман Кім Джу-ён, адзначыў складанасць сітуацыі: "Абодва бакі глядзяць адзін на аднаго з пэўнай варожасцю, і ўсе каналы зачынены, нават гуманітарнай дапамогі, які быў адкрыты ў мінулым."

“Хаця карэйская грамадская думка па-ранейшаму даволі падзеленая ў пытанні палітыкі ў дачыненні да Поўначы, усе карэйцы згодныя наконт неабходнасці адпраўкі гуманітарнай дапамогі ў Паўночную Карэю”

Паводле меркавання палітычных назіральнікаў, у цяперашняй міжнароднай сітуацыі, адзначанай войнамі ў Еўропе і на Блізкім Усходзе, узрос попыт на зброю, а Паўночная Карэя з'яўляецца адной з краін, якія прадаюць тэхніку са свайго ваеннага арсенала. Гэты сектар дзейнічае як рухавік паўночнакарэйскай эканомікі, якая такім чынам менш залежыць ад знешняй дапамогі.

Касцёл у Паўднёвай Карэі працягвае сваю малітоўную місію. Біскуп Сайман Кім Джу-ён падзяліўся прыкладамі: "У некаторых дыяцэзіях вернікі збіраюцца вечарам, каб прасіць Бога аб паяднанні і міры. У Сеуле штотыдзень адпраўляецца Імша ў гэтай інтэнцыі, а ў маёй дыяцэзіі Чунчхон мы арганізуем адмысловую малітву ў 25-ы дзень кожнага месяца."

“Мы маем надзею, што аднойчы зноў зможам сустрэцца і разам памаліцца”

Ва ўсіх дыяцэзіях Карэі існуе Камісія паяднання і аб'яднання карэйскага народа, у якой духавенства, манахі і свецкія вернікі сустракаюцца, каб размаўляць пра мір і працягваць павышаць дасведчанасць людзей наконт неабходнасці міру. Нягледзячы на цяжкасці, Касцёл у Карэі працягвае сваю місію міру і надзеі, верачы ў магчымасць паяднання і аб'яднання карэйскага народа.
 

14 кастрычніка 2024, 11:45