Ракетныя абстрэлы Ізраіля з боку Ірана Ракетныя абстрэлы Ізраіля з боку Ірана 

Кустодыя Святой Зямлі: маліцеся за ахвяр гэтай бессэнсоўнай вайны

Маліцца за мір і за тых, хто пакутуе ад ваеннага вар'яцтва, заклікаў вікарый Кустодыі Святой Зямлі, айцец Ібрагім Фалтас.

Марыя Валодзіна - Vatican News

1 кастрычніка 2024 года ў інтэрв’ю Vatican News іерарх распавёў пра эскалацыю канфлікта ў Святой Зямлі. Яго сведчанне пра ракетныя абстрэлы Ізраіля з боку Ірана пачынаецца такімі словамі: “У 17 гадзін мы атрымалі загад не адкрываць заўтра школы. Каля 19 гадзін, калі мы з братамі былі ў Іерусаліме ў касцёле Святога Збаўцы на вечэрняй малітве трыдуума ўрачыстасці святога Францішка, пачалі гучаць сірэны і мы пачулі моцныя выбухі”.

“На вуліцы мы пабачылі светлавыя палосы: гэта былі ракеты, якія перахапіла сістэма Iron Dome, а таксама і тыя, што ляцелі на поўдзень, на ваенныя базы ў Негеве. Хутка пачалася другая хваля атакі”, - распавёў францішканін.

“Зараз над горадам пануе жудасная цішыня. Людзі вельмі напалоханыя, баяцца, што атакі могуць паўтарыцца, калі адкажа Ізраіль. Гэта будзе трывожная ноч, а для нас – ноч інтэнсіўнай малітвы”, - сказаў айцец Фалтас.

“Маліцеся за нас і за ўсіх нявінных людзей, якія пакутуюць ад гэтай бессэнсоўнай вайны”, - заклікаў вікарый Кустодыі Святой Зямлі.

02 кастрычніка 2024, 12:45