Кардынал Дзупі сустрэўся з дэлегацыяй Маскоўскага Патрыярхату ў Маскве Кардынал Дзупі сустрэўся з дэлегацыяй Маскоўскага Патрыярхату ў Маскве  (© Mospat.ru)

Місія Дзупі ў Маскве: пошук шляхоў вяртання украінскіх дзяцей

У другі дзень візіту кардынала Матэа Дзупі ў Маскву прайшлі сустрэчы з духоўнымі і дзяржаўнымі прадстаўнікамі. У цэнтры ўвагі – пытанні вяртання ўкраінскіх дзяцей на Радзіму і гуманітарныя аспекты канфлікту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Матэа Марыя Дзупі, старшыня італьянскага епіскапату і спецыяльны пасланнік Папы, працягвае сваю місію ў Маскве. 15 кастрычніка 2024 года, на другі дзень свайго візіту, ён правёў шэраг важных сустрэч, накіраваных на вырашэнне гуманітарных пытанняў, звязаных з канфліктам ва Украіне.

Дыялог у інтарэсах сем'яў і дзяцей

Раніцай кардынал Дзупі сустрэўся з Марыяй Львовай-Бяловай, упаўнаважанай прэзідэнта Расіі па правах дзяцей. Гэта іх другая сустрэча з часу пачатку місіі кардынала ў чэрвені 2023 года. Львова-Бялова ахарактарызавала размову як "канструктыўную" і падкрэсліла працяглы характар супрацоўніцтва з пасланнікам Папы. "Мы вырашылі працягваць працаваць разам", - заявіла яна.

Цэнтральнай тэмай перамоў стала пытанне вяртання ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расію. Паводле ўрада Украіны, гаворка ідзе пра больш чым 19 тысяч непаўналетніх. Дзякуючы пасрэдніцтву Святога Пасада, невялікая група дзяцей ужо вярнулася да сваіх сем'яў, але праца ў гэтым напрамку працягваецца.

Гуманітарныя праблемы, звязаныя з канфліктам ва Украіне

Пазней у той жа дзень кардынал Дзупі сустрэўся з мітрапалітам Антоніем, старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Афіцыйны сайт Патрыярхату паведаміў, што падчас размовы бакі абмеркавалі гуманітарныя праблемы, звязаныя з канфліктам ва Украіне, а таксама іншыя пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

Варта адзначыць, што днём раней, 14 кастрычніка, кардынал Дзупі сустрэўся з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Паводле паведамлення МЗС Расіі, абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы ў кантэксце канфлікту ва Украіне, а таксама іншыя актуальныя міжнародныя пытанні.

Місія кардынала Дзупі з'яўляецца часткай шырэйшых намаганняў Святога Пасада па садзейнічанні міру і вырашэнню гуманітарных праблем, звязаных з канфліктам ва Украіне. Асноўныя мэты місіі ўключаюць садзейнічанне ўз'яднанню сем'яў украінскіх дзяцей і абмену палоннымі, што ў канчатковым выніку павінна спрыяць дасягненню доўгачаканага міру.
 

16 кастрычніка 2024, 10:22