Італьянскі даследчык і актывіст Сэмі Баса Італьянскі даследчык і актывіст Сэмі Баса  (ANSA)

Паралін пра Сэмі Баса: бясцэннае сведчанне жыцця і веры

Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін даслаў спачувальнае пасланне з нагоды смерці італьянскага даследчыка і актывіста Сэмі Баса, які пакутаваў на рэдкае генетычнае захворванне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сэмі Баса – 28-гадовы малады чалавек з італьянскага горада Тэдзэ-суль-Брэнта, што ў правінцыі Вічэнцы, пакутаваў на прагерыю. Гэта сур'ёзнае захворванне, якое характарызуецца заўчасным і паскораным старэннем арганізма і значна скарачае працягласць жыцця. Ён быў найстарэйшым у свеце пацыентам з гэтай хваробай. Нягледзячы на цяжкасці, Сэмі пражыў незвычайнае жыццё: стаў малекулярным біёлагам, даследчыкам, грамадскім дзеячам, спеваком і спартсменам. Ён памёр 5 кастрычніка 2024 года, пакінуўшы духоўны запавет, у якім назваў сваё жыццё шчаслівым. “Не было ніякай барацьбы, якую трэба было весці, было толькі жыццё, якое трэба было прыняць такім, якім яно было, з яго цяжкасцямі, але ўсё ж цудоўнае, усё ж фантастычнае, ні ўзнагарода, ні пакаранне, а проста дар, які быў дадзены мне Богам”, - напісаў Сэмі.

Пахаванне Сэмі Баса прайшло ў яго родным горадзе 11 кастрычніка 2024 года. Аддаць яму пашану прыйшло каля 4 тысяч чалавек.

У сваім пасланні кардынал Паралін выказаў духоўную блізкасць да бацькоў, сяброў і ўсіх, хто прыйшоў на пахаванне, каб развітацца з Сэмі. "Я падзяляю іх боль і надзею, ператвараючы іх у малітву за яго і суцяшэнне для ўсіх”, - напісаў іерарх, які быў асабіста знаёмы са спачылым.

“У мяне была магчымасць асабіста пазнаёміцца з Сэмі, я сустракаўся з ім аднойчы ў сябе дома на свята Божага Нараджэння, а таксама калі ён прыходзіў на аўдыенцыю Папы Францішка. Я лічу гэта асаблівай ласкай, бо Сэмі быў вялікім святлом, якое асвятляла ноч свету. Многія людзі падкрэслівалі розныя аспекты яго асобы. Мяне здзівіла тое, што ён цікавіўся ізраільска-палесцінскім пытаннем і добра яго ведаў, грунтоўна яго вывучаў. Ён напісаў мне, прапануючы паставіць сябе на службу міру ў гэтай драматычнай сітуацыі, якая сёння яшчэ больш пагоршылася, таму што, як ён сцвярджаў, зразумеў, наколькі важнай можа быць воля нават аднаго чалавека, каб змяніць сітуацыю і даць надзею”, - падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра Сэмі Баса Дзяржсакратар.

“Ён сапраўды пакінуў нам бясцэннае сведчанне жыцця і веры! Давяраючы Сэмі міласэрнасці Айца, я спадзяюся, што святло, якое ён запаліў, працягне асвятляць і саграваць сэрцы ўсіх нас, а праз нас – сэрцы тых, хто пакутуе і шукае прычыны жыць і спадзявацца", - напісаў кардынал Паралін.

12 кастрычніка 2024, 10:51