Пошук

Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Ватыкан Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Ватыкан  (AFP or licensors)

Зяленскі запрасіў Святы Пасад на мірны саміт у Канадзе

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запрасіў Святы Пасад да ўдзелу ў міжнародным мірным саміце ў Канадзе. Ён таксама падняў пытанні вяртання палонных і дзяцей з Расіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім штодзённым відэазвароце палітык падзяліўся вынікамі візіту ў Ватыкан 11 кастрычніка 2024 года, дзе ён сустрэўся з Папам Францішкам і Кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць удзелу Святога Пасада ў Саміце, разглядаючы яго як уплывовага ўдзельніка міжнароднай супольнасці ў пошуках шляхоў да міру.

У відэа Зяленскі таксама закрануў тэму вяртання ўкраінскіх вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб з расійскага палону. Ён паведаміў, што падчас сустрэчы ў Ватыкане абмяркоўвалася сітуацыя з журналістамі, якіх утрымліваюць у Расіі. Прэзідэнт перадаў ватыканскаму боку спіс іх імёнаў, спадзеючыся на дапамогу ў вызваленні.

Асаблівую ўвагу украінскі лідар надаў пытанню вяртання дзяцей, вывезеных з Украіны ў Расію. Ён падкрэсліў, што гэта тэма была дэталёва абмеркавана. Прэзідэнт выказаў спадзяванне на актыўную ролю Святога Пасада ў вырашэнні гэтай складанай гуманітарнай праблемы.

Варта адзначыць, што Святы Пасад ужо мае станоўчы досвед у садзейнічанні вяртанню палонных з Расіі. У мінулым гэта адбывалася праз выкарыстанне дыпламатычных, гуманітарных і касцёльных каналаў. Зяленскі выказаў спадзяванне на працяг гэтай важнай працы.
 

12 кастрычніка 2024, 12:00