Біскуп Карлас Эрэра Біскуп Карлас Эрэра 

Лацінаамерыканскі епіскапат салідарны з Касцёлам у Нікарагуа

Рада біскупскіх канферэнцый Лацінскай Амерыкі і Карыбаў выказала салідарнасць з Касцёлам у Нікарагуа пасля выгнання рэжымам Артэгі старшыні епіскапату, біскупа Карласа Эрэры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У лісце да кардынала Леапольда Хасэ Брэнеса, арцыбіскупа Манагуа і намесніка старшыні Канферэнцыі Біскупаў Нікарагуа, лацінаамерыканскі епіскапат выказаў сваю блізкасць да Касцёла і ўсіх вернікаў гэтай краіны, а таксама занепакоенасць навіной пра выгнанне біскупа Эрэры, арыштаванага паліцыяй у ноч на 13 лістапада 2024 года.

Епіскапат Мексікі таксама заявіў аб сваёй "салідарнасці" з выгнаным іерархам. "Узносім нашы малітвы, каб гэтая складаная сітуацыя знайшла хуткае вырашэнне, а ён змог вярнуцца на Радзіму", - запэўнілі мексіканскія біскупы.

У мінулыя дні біскуп Эрэра назваў мэра горада Леанідаса Сентэна і гарадскія ўлады " святататнікамі" за тое, што ў нядзелю 10 лістапада 2024 года яны размясцілі гучнагаварыцелі перад катэдрай у Хінатэга, калі іерарх адпраўляў Імшу.

Сітуацыя пацвярджае сур'ёзнасць праследаванняў Каталіцкага Касцёла ў гэтай цэнтральнаамерыканскай краіне. Чатыры з дзевяці мясцовых біскупаў былі прымусова выгнаны з Радзімы, а чатыры з дзевяці дыяцэзій засталіся без пастыра – Матагальпа, Эстэлі, Сіуна і Хінатэга.

За апошнія гады Касцёл у Нікарагуа страціў 25 працэнтаў сваіх святароў, якіх вымусілі адправіцца ў выгнанне, прымусова дэпартавалі ці не далі вярнуцца ў краіну. З 2022 года ўлады затрымалі 74 духоўныя асобы, многіх з якіх катавалі, 63 выгналі, 35 пазбавілі грамадзянства.
 

15 лістапада 2024, 11:42