Удзельнікі канферэнцыі "Журналістыка надзеі" Удзельнікі канферэнцыі "Журналістыка надзеі" 

Дэзынфармацыя – першы грэх журналістыкі: дыскусія экспертаў

20 лістапада 2024 года ва ўніверсітэце LUMSA ў Рыме адбылася канферэнцыя на тэму “Журналістыка і надзея, надзея журналістыкі”. Падчас сустрэчы ўздымаліся складаныя пытанні аб праўдзівасці і празрыстасці інфармацыі, а таксама аб вызваленні інфармацыі ад уплыву “палацаў”.

Ян Глінскі

Інфармацыя з’яўляецца першай формай салідарнасці. Такое меркаванне выказаў айцец Джуліо Альбанэзэ, дырэктар аддзела сацыяльнай камунікацыі і місіі ў Рымскай дыяцэзіі, словы якога публікуюцца ў ватыканскім штодзённіку L`Osservatore Romano. “Балюча мець журналістаў, якія часта бываюць наймітамі слова. Гэта не журналістыка”, - сцвердзіў ён, дадаўшы, што і журналісты патрабуюць навяртання і павінны зрабіць свой рахунак сумлення.

Усе спікеры пагадзіліся з тым, што журналістыка перажывае глыбокі крызіс. Вінчэнца Ла Мана, намеснік дырэктара агенцтва Askanews, між іншым, указаў на скарачэнне рэсурсаў, пірацтва, зніжэнне якасці публікацый з-за адсутнасці належнай праверкі інфармацыі.

Марка Жырарда, галоўны рэдактар італьянскага каталіцкага штодзённіка Avvenire, указаў на такі важны аспект у журналістыцы як добразычлівасць. Усе ўдзельнікі канферэнцыі пагадзіліся, што нельга занядбоўваць добразычлівасць у часы, калі вербальнае насілле набыло паўсюдны характар.

Рабэрта Сэрдас, намеснік дырэктара італьянскай тэлерадыёкампаніі RAI, цытуючы Папу, нагадала: “Дэзінфармацыя – гэта першы грэх журналістыкі”. Як падкрэсліла, журналіст абавязаны клапаціцца пра надзейнасць інфармацыі, якая павінна быць вызвалена ад уплыву палітычных ўмоваў і “палацаў”.

Вірджынія Пікаліла з італьянскага штодзённіка Corriere della Sera, назвала журналіста “сведкам чытачоў, якія не могуць быць кіраваныя ніякай уладай”. “Журналістыка нясе ў сабе ўвесь культурны, афектыўны, рэляцыйны багаж, які саспеў, і гэта з’яўляецца проціяддзем ад павярхоўнасці”, – патлумачыла Пікаліла.
 

22 лістапада 2024, 09:29