Помнік Галілео Галілею Помнік Галілео Галілею 

Рашучы ўклад Яна Паўла II у вырашэнне справы Галілея

Папскі Універсітэт Святога Крыжа ў Рыме падчас універсітэцкіх дзён Яна Паўла II нагадаў пра ключавую ролю Папы ў вырашэнні гістарычнай справы Галілея.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Справа Галілея была адной з першых задач, якія паставіў перад сабой Караль Вайтыла пасля прыбыцця ў Ватыкан. Прафесар Рафаэль А. Марцінэс падкрэсліў, што ў той час міф пра Галілея быў моцным сімвалам супрацьстаяння паміж навукай і Касцёлам.

Як адзначыў іспанскі святар і філосаф, яшчэ ў Кракаве кардынал Вайтыла імкнуўся адрадзіць дыялог паміж навукай і верай. Ён падтрымліваў асабістыя стасункі з навуковай супольнасцю горада і працягваў гэта рабіць пасля прыбыцця ў Ватыкан, арганізоўваючы летнія семінары ў Кастэль-Гандольфа.

9 лістапада 1979 года Ян Павел II склікаў кардыналаў, каб прадставіць тры самыя тэрміновыя задачы пантыфікату. Побач з рэформай Рымскай курыі і выпраўленнем ватыканскіх фінансаў, трэцяй задачай было наладжванне адносін з сучаснай культурай. Наступны дзень стаў пераломным момантам у справе Галілея, калі падчас сесіі Папскай акадэміі навук Пантыфік заклікаў да новага даследавання гэтай справы.

Ксёндз Мельхор Санчэс дэ Тока Аламеда, які меў доступ да ўсіх архіваў ватыканскай камісіі па справе Галілея, падкрэсліў вырашальны ўклад Яна Паўла II. Камісія прызнала, што суддзі Галілея памыліліся, калі не змаглі аддзяліць веру ад касмалогіі, якая існавала тысячагоддзямі.

Хоць справа Галілея была вырашана на навуковым, гістарычным і касцельным узроўні, яна працягвае існаваць у масавай свядомасці. Аднак сучасныя навукоўцы разумеюць складанасць гэтага пытання і прызнаюць чалавечую памылковасць, уключаючы самога Галілея, які не прыняў правільныя разлікі Кеплера пра эліптычныя арбіты нябесных цел.
 

28 лістапада 2024, 11:38