Кардынал Майкл Чэрны падчас візіту ў Валенсію (Іспанія) Кардынал Майкл Чэрны падчас візіту ў Валенсію (Іспанія) 

Пантыфік праз кардынала выказаў падтрымку жыхарам Валенсіі

Кардынал Майкл Чэрны наведаў іспанскую Валенсію, каб выказаць салідарнасць Папы з пацярпелымі ад цыклона жыхарамі іспанскага рэгіёна.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ахапіў некалькі населеных пунктаў, сярод якіх Альфафар, Бенетусер, Катароха, Ла-Торэ, Піканья і Пайпорта. У апошнім горадзе, які стаў эпіцэнтрам трагедыі, многія людзі дагэтуль не могуць пакінуць свае дамы з прычыны наступстваў стыхіі.

Падчас цэлебрацыі святой Імшы ў парафіяльным касцёле Пайпорты іерарх адзначыў асаблівую ролю валанцёраў, якія ў самыя складаныя моманты сталі носьбітамі жыцця і праявай Хрыстовай любові для пацярпелых.

Прэфект ватыканскай дыкастэрыі правёў шэраг сустрэч з мясцовымі святарамі, прадстаўнікамі каталіцкіх і грамадскіх арганізацый, якія каардынуюць дапамогу пацярпелым.

Мітрапаліт Валенсіі арцыбіскуп Энрыке Бенавент выказаў удзячнасць Святому Айцу за праяўленую блізкасць. Ён адзначыў, што Францішак неаднаразова выказваў сваю салідарнасць з пацярпелымі, у тым ліку праз тэлефонную размову, малітву перад фігурай Маці Божай Пакінутых – заступніцы Валенсіі, а таксама згадваў пра трагедыю падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі.

Цыклон Дана выклікаў катастрафічныя паводкі ў іспанскай Валенсіі і яе наваколлі. Стыхія прывяла да разбурэнняў, эвакуацыі насельніцтва і значных матэрыяльных страт.
 

21 лістапада 2024, 09:32