Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёлы ў Францыі: паміж вандалізмам і камерцыяй

Канферэнцыя Біскупаў Францыі апублікавала справаздачу па стане рэлігійнай спадчыны краіны. З 2000 года зафіксавана 2666 уварванняў у касцёлы і каплічкі ў 69 дыяцэзіях.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Даследаванне, апублікаванае за некалькі тыдняў да паўторнага адкрыцця сабора Нотр-Дам у Парыжы, прадставіла найбольш дакладную на сённяшні дзень карціну стану рэлігійнай спадчыны Францыі. Занепакоенасць яе лёсам узрасла пасля пажару ў саборы Нотр-Дам у 2019 годзе і іншых рэзанансных падзей.

Паводле справаздачы, у Францыі налічваецца 149 катэдральных сабораў і 150 базілік, а таксама 40 068 касцёлаў і капліц, якія належаць мясцовым уладам у 87 дыяцэзіях, і яшчэ 2 145 касцельных будынкаў, якія з'яўляюцца ўласнасцю дыяцэзій. З 1905 па 2023 год 326 будынкаў, якія належаць мясцовым уладам, перасталі выкарыстоўвацца.

У апошні час у касцельных колах асаблівую трывогу выклікае пытанне камерцыялізацыі французскіх святыняў. Старшыня мясцовага епіскапата, арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор выказаў занепакоенасць прапановай міністра культуры Рашыды Даці ўвесці плату ў памеры 5 еўра за ўваход у Нотр-Дам пасля яго адкрыцця 7 снежня 2024 года.

"Закрываць храмы, каб прадухіліць пашкоджанні, абмяжоўваць ці ўскладняць уваход па меркаваннях бяспекі, браць плату за ўваход дзеля іх утрымання – было б здрадай іх першапачатковаму пакліканню", - падкрэсліў іерарх.
 

21 лістапада 2024, 09:56