Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Каталіцкая сістэма адукацыі трэцяя ў свеце пасля Кітая і Індыі

Каталіцкія навучальныя ўстановы займаюць трэцяе месца ў свеце па колькасці навучэнцаў пасля дзяржаўных сістэм адукацыі Кітая і Індыі, ахопліваючы больш за 62 мільёны вучняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

За апошнія 40 гадоў колькасць навучэнцаў у каталіцкіх школах амаль падвоілася. Такія даныя прадставіла Мары-Тэрэз Ігрэц, прызначаная дырэктарам па пытаннях адукацыі Аўстрыйскай канферэнцыі манаскіх ордэнаў.

"Каталіцкая адукацыя з'яўляецца найбуйнейшым прыватным адукацыйным сектарам у свеце. Калі параўноўваць з дзяржаўнымі адукацыйнымі сістэмамі, то Каталіцкі Касцёл знаходзіцца на трэцім месцы пасля Кітая і Індыі", - адзначыла яна.

Паводле прадстаўленай статыстыкі, у свеце налічваецца больш за 210 тысяч каталіцкіх школ і дашкольных устаноў. Акрамя таго, больш за 6 мільёнаў студэнтаў атрымліваюць адукацыю ў каталіцкіх вышэйшых навучальных установах.

"Дзве трэці ўсіх навучэнцаў каталіцкіх школ сканцэнтраваны ў 15 краінах. На першым месцы знаходзіцца Індыя, дзе ў каталіцкіх школах навучаецца амаль 9 мільёнаў дзяцей, нягледзячы на тое, што католікі складаюць тут толькі 2 працэнта насельніцтва краіны", - падкрэсліла эксперт.

У першую пяцёрку таксама ўваходзяць чатыры афрыканскія краіны: Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Уганда, Кенія і Малаві. У Еўропе лідарамі па колькасці каталіцкіх школ з'яўляюцца Францыя, Іспанія, Бельгія і Ірландыя. Агульная колькасць навучэнцаў у еўрапейскіх каталіцкіх школах складае каля 8,8 мільёна чалавек.

Аўстрыйская эксперт таксама адзначыла істотныя адрозненні ў фінансаванні каталіцкіх школ у розных краінах. У некаторых дзяржавах яны атрымліваюць поўную падтрымку ад урада, у той час як у іншых цалкам залежаць ад школьных узносаў і ўласнага фінансавання.
 

28 лістапада 2024, 10:14