Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Эксперт L'Osservatore Romano: Еўропа губляе новыя пакаленні

Прафесар Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане Алесандра Разіна на старонках L'Osservatore Romano аналізуе прычыны і наступствы дэмаграфічнага крызісу ў Еўропе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле даследавання эксперта, у той час як сусветнае насельніцтва працягвае расці і ўжо перавысіла 8 мільярдаў чалавек, еўрапейскія краіны сутыкаюцца з беспрэцэдэнтным дэмаграфічным спадам.

Сусветная дэмаграфічная карціна істотна змянілася. Нават такія традыцыйна густанаселеныя краіны як Кітай і Індыя больш не з'яўляюцца лакаматывамі дэмаграфічнага росту.

Прафесар Разіна падкрэслівае, што асноўны прырост насельніцтва Зямлі сёння забяспечваюць краіны Афрыкі, асабліва рэгіён на поўдзень ад Сахары. Паводле прагнозаў, да 2080 года колькасць насельніцтва планеты дасягне 10,3 мільярда чалавек.

Аналізуючы ўплыў ваенных канфліктаў на дэмаграфію, эксперт адзначае істотную розніцу паміж мінулым і сучаснасцю. Калі раней пасля заканчэння войнаў назіраўся кампенсацыйны рост нараджальнасці, то сёння, як паказвае прыклад Украіны, канфлікты толькі паглыбляюць існуючы дэмаграфічны крызіс.

На думку міланскага прафесара, сучасная сітуацыя ўскладняецца псіхалагічнымі і сацыяльнымі фактарамі. Маладое пакаленне не адчувае маральнага абавязку працягваць род, а эканамічная няўпэўненасць і жаданне самарэалізавацца часта пераважваюць над натуральным імкненнем стаць бацькамі.

Разіна заклікае да тэрміновых захадаў па падтрымцы сем'яў і стварэнні спрыяльных умоў для нараджэння дзяцей. Ён лічыць, што без комплекснага падыходу, які спалучае міграцыйную палітыку і сацыяльную падтрымку сем'яў, еўрапейскія краіны рызыкуюць трапіць у доўгатэрміновую дэмаграфічную зіму.
 

19 лістапада 2024, 11:06