Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы 2025 год: Рым без забастовак

Італьянскія прафсаюзы пагадзіліся не праводзіць забастовак на працягу 50 ключавых дзён Святога 2025 года у Рыме, калі чакаецца 32 мільёны пілігрымаў з усяго свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гістарычнае пагадненне паміж прафсаюзамі і працадаўцамі Рыма закранае найважнейшыя сектары гарадской інфраструктуры: транспарт, бяспеку, ахову здароўя і ўтылізацыю адходаў. Працадаўцы, са свайго боку, абавязаліся ўстрымацца ад дзеянняў, якія маглі б справакаваць канфлікты з прафсаюзамі.

Асаблівая ўвага надаецца ключавым датам Святога года. У красавіку, калі адбудуцца сустрэчы для хворых і медыцынскіх работнікаў, гарантуецца бесперабойная праца ўсіх службаў. Май, прысвечаны сустрэчам рухаў, аб'яднанняў і сем'яў, таксама пройдзе без працоўных інцыдэнтаў.

Важным дасягненнем стала пагадненне аб адсутнасці забастовак падчас моладзевай сустрэчы, запланаванай на 27 ліпеня - 5 жніўня 2025 года. Таксама гарантуецца спакойнае правядзенне цырымоній адкрыцця і закрыцця Святых Дзвярэй ватыканскай базілікі.

Святы год, які пачнецца 24 снежня 2024 года, з'яўляецца асаблівым часам для Каталіцкага Касцёла. Кожны вернік, які здзейсніць паломніцтва ў Рым і пройдзе праз Святыя Дзверы, пры выкананні пэўных умоў можа атрымаць поўны адпуст.
 

21 лістапада 2024, 09:21