Арцыбіскуп Галахер у Манрэалі на Канферэнцыі па формуле міру для Украіны Арцыбіскуп Галахер у Манрэалі на Канферэнцыі па формуле міру для Украіны  (TerzaLoggia)

Святы Пасад змагаецца за вяртанне ўкраінскіх дзяцей з Расіі

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер паведаміў пра намаганні Святога Пасада ў справе вызвалення ўкраінскіх дзяцей, ваеннапалонных і цывільных асоб, якія знаходзяцца ў Расіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сакратар па міждзяржаўных адносінах Святога Пасада выступіў на міжнароднай канферэнцыі ў Манрэалі, прысвечанай чалавечаму вымярэнню ўкраінскай формулы міру. Гэта быў другі міжнародны саміт па формуле міру, прапанаванай прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што нягледзячы на складанасці, Святы Пасад працягвае працу па вызваленні ўкраінскіх грамадзян. "Вынікі пакуль не апраўдваюць чаканняў, магчыма таму, што даручаныя справы з'яўляюцца больш складанымі", - падкрэсліў іерарх.

Непасрэдны кантакт паміж бакамі вельмі важны

Місія кардынала Матэа Дзупі ў Кіеве і Маскве дазволіла стварыць межы для рэпатрыяцыі дзяцей і рэгулярнага абмену інфармацыяй паміж абодвума бакамі. У гэтым працэсе актыўна ўдзельнічаюць апостальскія нунцыі ў абедзвюх краінах.

"Святы Пасад перадаў тысячы імёнаў зняволеных украінскіх салдат, просячы аб іх абмене і вызваленні. Была таксама падтрымана прапанова стварэння сумесных медыцынскіх камісій для вязняў з сур'ёзнымі захворваннямі", - паведаміў арцыбіскуп Галахер.

На заканчэнне свайго выступу ватыканскі дыпламат заклікаў бакі ўстрымацца ад выкарыстання гуманітарных пытанняў у якасці інструмента і падкрэсліў неабходнасць знаходжання рашэнняў для тэрміновых гуманітарных патрэб як крок добрай волі на шляху да міру.
 

01 лістапада 2024, 09:39