Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас пасвячэння пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла святога Яна Паўла II Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас пасвячэння пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла святога Яна Паўла II 

Арцыбіскуп Галахер у Баку: новы касцёл і дыялог культур

Падчас чатырохдзённага візіту ў сталіцу Азербайджана арцыбіскуп Пол Рычард Галахер асвяціў пляцоўку пад будаўніцтва касцёла святога Яна Паўла II і правёў шэраг важных сустрэч з кіраўніцтвам краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт сакратара па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ў Баку стаў значнай падзеяй для каталіцкай супольнасці Азербайджана і ўмацавання міжрэлігійнага дыялогу ў рэгіёне.

"Праз апостальскае благаслаўленне Святы Айцец жадае ўмацаваць вас у веры і аб'яднаць повяззю міру, каб вы маглі цалкам адчуць бясконцую любоў Бога і сведчыць пра яе сярод усіх народаў", - адзначыў ён у нядзелю 15 снежня 2024 года падчас святой Імшы ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баку. У гаміліі ён асабліва падкрэсліў значэнне хрысціянскай радасці ў сучасным свеце.

"Як можна спалучыць такую радасць з пакутамі людзей, якіх закранула бяда вайны? Якую суцяшэнне яны могуць знайсці ў гэтыя святы Божага Нараджэння? Сённяшняя літургія дае адказ, нагадваючы, што сапраўдная радасць нараджаецца з унутранага абнаўлення", - сказаў арцыбіскуп Галахер.

Асаблівай падзеяй стала асвячэнне пляцоўкі пад будаўніцтва новага касцёла ў гонар святога Яна Паўла II. Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што гэта ініцыятыва была рэалізавана дзякуючы падтрымцы прэзідэнта Ільхама Аліева і Фонду Гейдара Аліева. "Гэта не проста будынак, але жывое сведчанне міжрэлігійнага дыялогу і павагі да рэлігійнай разнастайнасці ў Азербайджане", - сказаў ён.

Праграма візіту ўключала важныя сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам краіны. Арцыбіскуп правёў размову з вялікім муфціем Каўказа шэйхам Пашазадэ, абмеркаваў пытанні двухбаковага супрацоўніцтва з прэзідэнтам Ільхамам Аліевым і міністрам замежных спраў Джэйхунам Байрамавым.

"Народзе Азербайджана, за вас накіроўваю мае палкія малітвы і складаю сардэчныя пажаданні міру, дабрабыту і няспыннага развіцця. Няхай Пан адорыць вас усіх шчодрым благаслаўленнем", - сказаў арцыбіскуп Галахер, завяршаючы свой візіт, які працягваўся з 13 па 16 снежня 2024 года.
 

16 снежня 2024, 11:53