Арцыбіскуп Галахер у Баку: новы касцёл і дыялог культур
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Візіт сакратара па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ў Баку стаў значнай падзеяй для каталіцкай супольнасці Азербайджана і ўмацавання міжрэлігійнага дыялогу ў рэгіёне.
"Праз апостальскае благаслаўленне Святы Айцец жадае ўмацаваць вас у веры і аб'яднаць повяззю міру, каб вы маглі цалкам адчуць бясконцую любоў Бога і сведчыць пра яе сярод усіх народаў", - адзначыў ён у нядзелю 15 снежня 2024 года падчас святой Імшы ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баку. У гаміліі ён асабліва падкрэсліў значэнне хрысціянскай радасці ў сучасным свеце.
"Як можна спалучыць такую радасць з пакутамі людзей, якіх закранула бяда вайны? Якую суцяшэнне яны могуць знайсці ў гэтыя святы Божага Нараджэння? Сённяшняя літургія дае адказ, нагадваючы, што сапраўдная радасць нараджаецца з унутранага абнаўлення", - сказаў арцыбіскуп Галахер.
Асаблівай падзеяй стала асвячэнне пляцоўкі пад будаўніцтва новага касцёла ў гонар святога Яна Паўла II. Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што гэта ініцыятыва была рэалізавана дзякуючы падтрымцы прэзідэнта Ільхама Аліева і Фонду Гейдара Аліева. "Гэта не проста будынак, але жывое сведчанне міжрэлігійнага дыялогу і павагі да рэлігійнай разнастайнасці ў Азербайджане", - сказаў ён.
Праграма візіту ўключала важныя сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам краіны. Арцыбіскуп правёў размову з вялікім муфціем Каўказа шэйхам Пашазадэ, абмеркаваў пытанні двухбаковага супрацоўніцтва з прэзідэнтам Ільхамам Аліевым і міністрам замежных спраў Джэйхунам Байрамавым.
"Народзе Азербайджана, за вас накіроўваю мае палкія малітвы і складаю сардэчныя пажаданні міру, дабрабыту і няспыннага развіцця. Няхай Пан адорыць вас усіх шчодрым благаслаўленнем", - сказаў арцыбіскуп Галахер, завяршаючы свой візіт, які працягваўся з 13 па 16 снежня 2024 года.