Арцыбіскуп Георг Генсвайн Арцыбіскуп Георг Генсвайн  (Vatican Media)

Нунцый у краінах Балтыі: людзі адчуваюць расійскую пагрозу

Апостальскі нунцый у краінах Балтыі адзначае, што вайна ва Украіне кардынальна змяніла сітуацыю ў рэгіёне, асабліва ў краінах, якія мяжуюць з Расіяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Георг Генсвайн, які летам 2024 года быў прызначаны папскім прадстаўніком з рэзідэнцыяй у Вільні, падзяліўся сваімі назіраннямі адносна сітуацыі ў рэгіёне ў інтэрв'ю нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA. Паводле яго слоў, занепакоенасць захаваннем міру і пагроза з усходу ўплываюць на штодзённае жыццё людзей у Латвіі, Эстоніі і Літве.

68-гадовы дыпламат, які на працягу многіх гадоў быў асабістым сакратаром Бэнэдыкта XVI, бачыць місію Святога Пасада і сваю задачу на месцы ў дапамозе захавання міру. "Няспынна заклікаць да міру і не здавацца перад абліччам супраціву – гэта істотны элемент ватыканскай дыпламатыі", - падкрэслівае арцыбіскуп Генсвайн.

Нунцый нагадвае, што Святы Пасад з'яўляецца не ваеннай, эканамічнай ці фінансавай сілай, але духоўнай, якая дае людзям надзею. "Канкрэтна гэта тычыцца ўстаноў і ведамстваў, якія ад імя Касцёла змякчаюць цяжкасці і дапамагаюць людзям, якія маюць патрэбу ў дапамозе, як у малым, так і ў вялікім маштабе, незалежна ад таго, як гэта бачыцца звонку", - адзначае папскі прадстаўнік у краінах Балтыі.
 

17 снежня 2024, 10:46