Турма ў ЗША. Ілюстрацыйнае фота Турма ў ЗША. Ілюстрацыйнае фота 

Байдэн замяніў 37 смяротных прысудаў на пажыццёвае зняволенне

Заклік Папы Францішка быў пачуты. Напярэдадні Божага Нараджэння прэзідэнт Джо Байдэн прыняў важнае рашэнне: замяніць на пажыццёвае зняволенне смяротныя прысуды 37 вязняў, якія чакаюць пакарання ў федэральных турмах ЗША.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміла 23 снежня 2024 года прэс-служба Белага дома, прэзідэнт Байдэн прыняў рашэнне замяніць на пажыццёвае зняволенне без магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення смяротныя прысуды 37 мужчын і жанчын, асуджаных на федэральным узроўні.

У паведамленні адзначаецца, што "змякчэнне пакарання адпавядае мараторыю, уведзенаму адміністрацыяй прэзідэнта Байдэна на федэральным узроўні ў дачыненні да пакаранняў смерцю, за выключэннем выпадкаў тэрарызму і масавых забойстваў на глебе нянавісці”.

Рашэнне прэзідэнта Байдэна было прынята пасля тэлефоннай размовы з Папам Францішкам, якая адбылася 19 снежня 2024 года. Адной з цэнтральных тэм тэлефоннай размовы стала менавіта сітуацыя з асуджанымі на смяротнае пакаранне ў ЗША. Для Францішка гэта важнае пытанне: ён неаднаразова выступаў супраць смяротнага пакарання і заклікаў вернікаў маліцца за вязняў у камерах смяротнікаў у ЗША. Каталіцкі Касцёл ЗША і гуманітарныя арганізацыі таксама актыўна выступаюць за адмену смяротнага пакарання, падкрэсліваючы яго несумяшчальнасць з хрысціянскімі каштоўнасцямі і правамі чалавека.

23 снежня 2024, 13:00