Ціхае Божае Нараджэнне ў Бэтлееме
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Бургамістр Бэтлеема Антон Салман адмяніў святочнае асвятленне, музыку і ёлку, якія звычайна ўпрыгожваюць горад у гэты час. Гэта ўжо другі год запар, калі святкаванні праходзяць у такім фармаце.
"Адмена знешніх святкаванняў Божага Нараджэння з'яўляецца выразам адмаўлення несправядлівасці ў дачыненні да нашага народа ў Газе і ўсёй Палесціне", - патлумачыў Салман. Ён таксама выказаў "глыбокі жаль з нагоды маўчання міжнароднай супольнасці адносна масавых забойстваў у Газе і на іншых палесцінскіх тэрыторыях".
Нягледзячы на адмену святочных мерапрыемстваў, афіцыйная хрысціянская цырымонія Божага Нараджэння ў Бэтлееме праходзіць па звычайным распарадку. Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, кардынал П'ербатыста Піцабала, прыбыў у горад, дзе яго сустрэлі скаўты з транспарантамі, якія заклікалі да міру.
У параўнанні з 2023 годам, сёлетняя сустрэча прайшла з большай колькасцю ўдзельнікаў і ў больш спрыяльнай атмасферы, што звязана з надзеямі на перамір'е ў сектары Газа. Аднак за апошнія 14 месяцаў жыхары Бэтлеема моцна пацярпелі з прычыны адсутнасці паломнікаў і абмежаванняў на перамяшчэнне.
Пастэрка ў касцёле святой Кацярыны, які з'яўляецца часткай комплексу Базілікі Нараджэння Пана, сёлета сабрала пераважна мясцовых хрысціян, бо замежных пілігрымаў і гасцей у горадзе амаль няма з прычыны вайны.