Плошча Яслей і Базіліка Нараджэння ў Бэтлееме Плошча Яслей і Базіліка Нараджэння ў Бэтлееме 

Бэтлеем рыхтуецца да Божага Нараджэння ў цені вайны

Упершыню за доўгі час Бэтлеем, калыска хрысціянства, сустракае Божае Нараджэнне без традыцыйных святочных урачыстасцей. Горад, які звычайна ззяе святлом і радасцю, сёлета агорнуты смуткам з прычыны вайны ў Газе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У гэтыя сонечныя снежаньскія дні Бэтлеем выглядае зусім не так, як належыць месцу, дзе нарадзіўся Хрыстус. Плошча Яслей, якая звычайна ўпрыгожана велічнай ёлкай, гірляндамі і каляднай батлейкай, цяпер ператварылася ў звычайную стаянку для таксі, якія бяздзейнічаюць у чаканні кліентаў, гаворыцца ў спецыяльным перадсвяточным рэпартажы аўстрыйскага Kathpress.

"Нягледзячы на складаныя абставіны, мы працягваем святкаваць урачыстасць Князя спакою, бо гэта свята надзеі для ўсяго чалавецтва", - падкрэслівае пробашч з Бэтлеема Рамі Асакрых. "Мы не можам адмяніць Божае Нараджэнне, але святкуем яго з болем у сэрцы", - дадае ён.

Эканамічная сітуацыя ў горадзе крытычная. Пасля падзей 7 кастрычніка 2023 года ізраільскія ўлады ўвялі жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне. Тысячы палесцінцаў страцілі магчымасць працаваць у Іерусаліме, што стала сур'ёзным ударам па эканоміцы горада. Асабліва пацярпела хрысціянская супольнасць, якая складае траціну насельніцтва Бэтлеема.

Базіліка Нараджэння, якой больш за 1500 гадоў, цяпер амаль пустая. Калі раней да Пячоры Нараджэння выстройваліся доўгія чэргі пілігрымаў, цяпер толькі адзінкавыя наведвальнікі спускаюцца да святога месца. Крамы, дзе прадаваліся драўляныя вырабы, фігуркі для батлеек і абразы, у большасці зачыненыя.

Сястра Алея з Дзіцячага шпіталя Caritas штодня сутыкаецца з цяжкасцямі сваіх пацыентаў. "Людзі стаміліся ад вайны, але мы працягваем служыць ім, паказваючы, што Божая любоў застаецца нязменнай", - дзеліцца яна. Шпіталь, які штогод прымае каля 50 тысяч палесцінскіх дзяцей, працягвае сваю місію міласэрнасці.

Святкаванне Божага Нараджэння 24 снежня 2024 года будзе праходзіць па асаблівым пратаколе. Лацінскі Патрыярх, кардынал П'ербатыста Піцабала, традыцыйна наведае Бэтлеем. Працэсія, якую звычайна суправаджалі скаўты з музыкай і барабанамі, сёлета пройдзе ў цішыні. На Плошчы Яслей Патрыярха сустрэнуць прадстаўнікі гарадскіх улад і духавенства.

У касцёле святой Кацярыны, дзе традыцыйна праходзіць Пастэрка, сёлета адмянілі сістэму квіткоў. Дзверы храма будуць адчынены для ўсіх вернікаў, асабліва для мясцовых хрысціян. Пакуль застаецца няясным, ці возьме ўдзел у набажэнстве прэзідэнт Палесціны Махмуд Абас.

Нягледзячы на складаныя абставіны, Бэтлеем працягвае несці сваю місію як месца, дзе пачалася гісторыя збаўлення. Сёлетняе святкаванне Божага Нараджэння стане для горада і яго жыхароў асаблівым сведчаннем веры і надзеі ў лепшую будучыню.
 

17 снежня 2024, 11:07