Паўстанец на варце каля храма Маці Божай Дамаскай пасля захопу сталіцы Сірыі і звяржэння рэжыму Башара Асада Паўстанец на варце каля храма Маці Божай Дамаскай пасля захопу сталіцы Сірыі і звяржэння рэжыму Башара Асада 

Еўрапейскія біскупы занепакоены лёсам меншасцей у Сірыі

Еўрапейскія каталіцкія іерархі выказалі занепакоенасць лёсам этнічных і рэлігійных меншасцей у Сірыі і заклікалі новы рэжым адмовіцца ад фанатызму і экстрэмізму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Камісія Біскупскіх Канфурэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) сочыць за развіццём падзей у Сірыі і спадзяецца на мірную змену ўлады ў краіне. У сваёй заяве, апублікаванай 11 снежня 2024 года, Сакратарыят Камісіі падкрэслівае неабходнасць захавання ўнікальнай ідэнтычнасці этнічных і рэлігійных меншасцяў, якія ўзбагачаюць гэтую краіну Блізкага Усходу.

"Неабходна забяспечыць абарону храмаў і тэрыторый, якія належаць меншасцям, гарантаваць доступ да гуманітарнай дапамогі і бяспечнае вяртанне ўнутраных перасяленцаў у свае дамы", - гаворыцца ў дакуменце COMECE.

Старшыня біскупскага аб’ядання, біскуп Марыяна Крачата накіраваў ліст арцыбіскупу Джозэфу Тобджы, маранiцкаму пастыру Алепа, і ўсім біскупам хрысціянскіх Касцёлаў гэтага горада. У сваім пасланні ён выказаў салідарнасць біскупаў краін ЕС з хрысціянамі Сірыі і падкрэсліў важнасць дапамогі ў аднаўленні іх дамоў і сродкаў да існавання.

"У гэты крытычны момант гісторыі Сірыі іерархі краін Еўрасаюза яднаюцца ў малітве і дзеяннях, падкрэсліваючы каштоўнасці міру, годнасці і інтэграцыі для ўсіх супольнасцей у краіне", - запэўніў біскуп Крачата.
 

11 снежня 2024, 11:33