Алепа: францішкане шукаюць шлях да міру
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сірыйскі францішканін, айцец Фірас Луфці падкрэслівае, што пакуль не было антыхрысціянскіх інцыдэнтаў у горадзе. У размове з італьянскай Avvenire ён выказаў занепакоенасць сітуацыяй у горадзе.
"Усе людзі, з якімі мне ўдалося звязацца, кажуць, што пакуль паўстанцы стукаюць у дзверы і кажуць: мы тут на тваю карысць, мы не хочам табе нашкодзіць. Мы не ведаем, ці гэта часовая стратэгія, каб заваяваць сімпатыі людзей, ці яны сапраўды змянілі сваё стаўленне", - адзначыў айцец Луфці.
Францішканін задаецца пытаннем, чаму горад з трыма мільёнамі жыхароў, поўны разведвальных і паліцэйскіх цэнтраў, упаў за такі кароткі час. "Павінна быць нейкае тлумачэнне: чаму ўсе адначасова пакінулі горад, здаўшы яго?" - пытаецца ён.
Францішкане маюць намер служыць міру і дыялогу ў Сірыі. "Мы гатовыя аддаць усю нашу духоўнасць і досвед на служэнне ўсяму сірыйскаму народу, каб пашыраць мір, салідарнасць, стабільнасць пасля таго, як мы зведалі ўсялякага роду пакуты", - падкрэсліў айцец Луфці.
У выніку расійскіх абстрэлаў францішканскі кляштар не можа больш прымаць уцекачоў, не працуе пякарня, якую браты адкрылі для людзей пасля мінулагодняга землятрусу. Разбураны таксама будынак, дзе захоўваўся запас мукі.