Харкаў: генератары ад Папы прыйшлі перад расійскай атакай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папскі элемазінарый працягвае сваю місію дапамогі ва Украіне, якая змагаецца з расійскай агрэсіяй ужо амаль тры гады. Візіт у Харкаў стаў асабліва сімвалічным, бо літаральна праз некалькі гадзін пасля перадачы электрагенератараў, горад апынуўся пад масіраваным абстрэлам.
"Сёння раніцай, менавіта на Божае Нараджэнне, Харкаў быў збамбардаваны, тры чвэрці жыхароў – з мільёна – засталіся без электрычнасці. Яны разбамбілі раён, дзе знаходзяцца электрастанцыі. Ёсць параненыя", - падзяліўся кардынал Краеўскі.
"Як цудоўна было бачыць з'яднаны Касцёл, - падкрэсліў іерарх. - Магчыма, гэта таксама моцны знак для нас усіх: маліцца разам, быць з'яднанымі, як Хрыстус заўсёды хацеў. Калі мы адзіныя, мы вельмі моцныя, і гэта было відаць менавіта ў Харкаве".
Іерарх пакінуў горад на цягніку за 15 хвілін да пачатку каменданцкай гадзіны, а навіны пра абстрэл атрымаў ужо ў дарозе. Ён адзначыў асаблівую ўдзячнасць мясцовых жыхароў Папу Францішку і вернікам Рыма за дапамогу ў выглядзе электрагенератараў, якія сталі жыццёва неабходнымі пры тэмпературы ніжэй за нуль.