Кіеўскі касцёл святога Мікалая прыняў пасланца Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас візіту ў Кіеў кардынал Краеўскі, прэфект Дыкастэрыі па справах міласэрнага служэння, у суправаджэнні нунцыя, арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокаса агледзеў пашкоджанні, якія атрымаў касцёл святога Мікалая ў выніку расійскай атакі 20 снежня 2024 года.
Парафіяне ўласнымі сіламі прыбралі разбітыя вітражы і шкло, усталявалі полікарбанат у вокнах і вежах, а таксама нанялі спецыялістаў для захавання пашкоджаных частак вітражоў для будучай рэстаўрацыі.
Для кардынала Краеўскага гэта ўжо чацвёрты візіт у касцёл святога Мікалая. Ён выказаў здзіўленне, што пытанне вяртання храма парафіі, абяцанае яшчэ Яну Паўлу II у 2001 годзе, дагэтуль не вырашана.
Падчас сустрэчы мастачка Яна Таргоня перадала для Францішка малюнак галуба міру ў колерах украінскага сцяга, выкананы на разбітым вітражы з фасада касцёла святога Мікалая.
Місіянеры Аблаты Беззаганнай Марыі, якія служаць у парафіі з 1991 года, падзякавалі Папу за яго салідарнасць у цяжкі ваенны час. Нягледзячы на пашкоджанні, вернікі змогуць удзельнічаць у набажэнствах Божага Нараджэння.