Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Copyright Marlon Lopez MMG1design. All rights reserved.)

Супраць гандлю людзьмі: манахіні навучаюць школьнікаў Ганы

Місіянеркі з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Ружанцовай рэалізуюць праграму павышэння дасведчанасці супраць гандлю людзьмі ў школах на раўнінах Кваху Афрам у Гане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Мы вучым іх распазнаваць хітрыкі, якія выкарыстоўваюць злачынцы," - кажа сястра Джой Абух, прадстаўніца сеткі Таліта Кум у Гане, якая з пачатку 2024 года наведвае школы ў вёсках, каб павысіць дасведчанасць вучняў пра небяспеку гандлю людзьмі.

"Мы раім ім быць уважлівымі, а таксама клапаціцца пра сваіх братоў і сясцёр, паведамляючы ва ўпаўнаважаныя органы пра падазроныя выпадкі гандлю людзьмі, дзіцячай працы, ранніх шлюбаў і іншых форм злоўжыванняў," - падкрэслівае місіянерка, якая працуе школьным капеланам і настаўніцай у сельскагаспадарчай школе Донкоркрома.

Манахіня падзялілася надзеяй кансэкраваных асоб на тое, што аднойчы гандаль людзьмі спыніцца не толькі ў Гане, але і ва ўсіх частках свету, дзе ён усё яшчэ практыкуецца.

Сетка Таліта Кум у Гане, заснаваная ў сакавіку 2018 года, аб'ядноўвае манахінь, манахаў і свецкіх асоб. Пад эгідай Канферэнцыі Вышэйшых Манаскіх Настаяцеляў яны працуюць разам, каб змагацца з гандлем людзьмі і эксплуатацыяй праз інфармацыйныя праграмы ў школах і мясцовых супольнасцях.
 

10 снежня 2024, 11:26