Хрысціяне-сірыйцы падчас набажэнства ў старажытным горадзе Маалюля, адным з апошніх месцаў у свеце, дзе дагэтуль размаўляюць на арамейскай мове. 55 км ад Дамаска.. Хрысціяне-сірыйцы падчас набажэнства ў старажытным горадзе Маалюля, адным з апошніх месцаў у свеце, дзе дагэтуль размаўляюць на арамейскай мове. 55 км ад Дамаска..  (ANSA)

Мараніцкі іерарх: хрысціяне ў Сірыі жылі ў страху пры Асадзе

Мараніцкі архіепіскап Даманска Самір Насар абвяргае распаўсюджанае меркаванне, што рэжым Асада даваў хрысціянам шмат свабоды у Сірыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю ліванскаму выданню Orient le jour іерарх раскрыў праўду пра становішча хрысціян у Сірыі пад кіраваннем рэжыму Асада. Яго словы ідуць насуперак частым стэрэатыпам. "Мы не маглі нічога сказаць, за намі круглыя суткі сачылі і шпіёнілі розныя спецслужбы, і нам не хапала мужнасці казаць праўду", - прызнаўся ён.

Архіепіскап Насар падкрэсліў, што хрысціяне ў Сірыі жылі пад моцным ціскам і ва ўмовах нарастаючага насілля, пастаянна адчуваючы страх. Ён адзначыў, што хрысціянская супольнасць была пазбаўлена магчымасці свабодна выказвацца і знаходзілася пад пастаянным наглядам спецслужбаў.

Іерарх таксама закрануў тэму міжрэлігійных адносін, адзначыўшы, што дзесяцігоддзі страху перад ісламам пакінулі глыбокі след у свядомасці хрысціян. Ён падкрэсліў неабходнасць часу і намаганняў для пераадолення гэтага страху і стварэння новай атмасферы пазітыўнага суіснавання паміж рознымі рэлігійнымі групамі.

Нягледзячы на цяжкасці мінулага, мараніцкі архіепіскап выказаў палёгку з нагоды таго, што "сцяна страху" нарэшце рухнула. Аднак ён з горыччу адзначыў, што гэта адбылося занадта позна, калі краіна ўжо была разбурана, а мільёны маладых людзей пакінулі яе, уцякаючы ад ваеннай службы.

У заключэнне іерарх выказаў надзею на вяртанне ўсіх сірыйцаў, незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці, у сваю краіну.
 

16 снежня 2024, 11:12