Прыёр Тэзэ: супольная малітва – знак жадання жыць у братэрстве
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сёлета, у такі далікатны момант гісторыі, нам падалося асабліва важным прысутнічаць у якасці сведкаў міру ў сталіцы невялікай краіны на ўсходзе Еўропы, зусім побач з Расіяй”, - сказаў брат Мэцью ў інтэрв’ю Vatican News.
Настаяцель Супольнасці Тэзэ падкрэсліў, што ўдзельнікі еўрапейскай малітоўнай сустрэчы сабраліся ў Таліне не для таго, каб прапанаваць “простыя рашэнні” складаных праблем, але каб маліцца разам, а гэта выражае жаданне жыць у братэрстве і міры.
Брытанскі законнік адзначыў важнасць таго факту, што ў падрыхтоўцы да 47-й Пілігрымкі даверу на Зямлі, якая праходзіць з 28 снежня 2024 года па 1 студзеня 2025 года, бралі ўдзел усе асноўныя хрысціянскія канфесіі, прысутныя ў Эстоніі. Гэта пацвярджае, што сустрэча, якую арганізуе Супольнасць Тэзэ, з’яўляецца сапраўднай экуменічнай падзеяй.
Прыёр нагадаў, што тэма яго сёлетняга паслання з нагоды талінскай сустрэчы перагукаецца з тэмай Юбілею: “Спадзявацца насуперак усялякай надзеі”. Ён расказаў, што, рыхтуючы тэкст свайго звароту, выслухаў гісторыі многіх юнакоў і дзяўчат, якія жывуць у зонах баявых дзеянняў. “Лёгка казаць пра надзею, калі жывеш у спакоі. Але, каб па-сапраўднаму зразумець, чым яна з’яўляецца, мы павінны паразважаць над гэтымі сведчаннямі”, - сказаў настаяцель Супольнасці Тэзэ.
Брат Мэцью прызнаўся, што быў уражаны мужнасцю і вытрываласцю моладзі. “Многія з тых, з кім я размаўляў, расказвалі мне, наколькі важнай перад абліччам суровых рэалій іх жыцця была іх вера. Вера, якая грунтуецца на простым даверы да Божай любові, і якая, дзякуючы ўваскрасенню Езуса, дапамагае разумець, што смерць і пакуты ніколі не будуць мець апошняга слова. Гэтыя маладыя людзі падзяліліся сваёй надзеяй, надзеяй, якая пераўзыходзіць усялякія спадзяванні, бо яна робіць перакананымі ў тым, што жыццё з’яўляецца там, дзе ўсё здаецца страчаным”, - сказаў прыёр.