Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святая Брама ў рымскай турме: мастацтва надзеі для зняволеных

У рымскай турме рыхтуецца ўнікальная мастацкая падзея – адкрыццё Святой Брамы і ўсталяванне светлавой інсталяцыі, створанай сумесна з зняволенымі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

26 снежня 2024 года Папа Францішак асабіста адкрые Святую Браму ў рымскай турме Рэбібія, што павінна стаць другой па значнасці падзеяй пасля адкрыцця галоўнай Святой Брамы Юбілею 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра.

"Калі мы глядзім і дазваляем глядзець на сябе як на братоў, адбываецца вялікі цуд стварэння агульнай тканіны надзеі", - гэтымі словамі кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, акрэслівае глыбокі сэнс падзеі.

Цэнтральным элементам мастацкай праграмы ў Рэбібіі стане інсталяцыя Я ўтрымліваю шматлікасць, створаная Марынэлай Сенаторэ ў супрацоўніцтве з 60 зняволенымі мужчынскага і жаночага аддзяленняў. Шасціметровая светлавая канструкцыя будзе ўпрыгожана фразамі на розных мовах і дыялектах, якія былі напісаны самімі зняволенымі падчас творчых майстэрняў.

Інсталяцыя, якая з'явіцца на плошчы перад турэмным касцёлам 21 снежня 2024 года і будзе знаходзіцца там да сярэдзіны лютага, стане бачнай як для зняволеных, так і для ўсёй супольнасці пенітэнцыярнай установы.

"Светлавая інсталяцыя нагадвае машыны для феерверкаў з рымскіх барочных святаў. У маёй практыцы творы з'яўляюцца перш за ўсё супольным і пераўтваральным досведам", - тлумачыць Сенаторэ, падкрэсліваючы, што святло мае здольнасць ператвараць звычайнае месца ў прастору, дзе могуць адбывацца незвычайныя рэчы.

У рамках праграмы таксама адкрыецца новая мастацкая прастора Conciliazione 5, дзе першым выставіцца Ян Пэй-Мін, вядомы сваімі інтэнсіўнымі партрэтамі вялікага фармату.

Новая ініцыятыва Дыкастэрыі па культуры і адукацыі Брамы Надзеі мае на мэце пераўтварыць турэмныя муры ў прастору для мастацкага дыялогу. Па ўзоры мастацкай інсталяцыі ў Рэбібіі, у розных турмах Італіі і свету з'явяцца ўнікальныя творы, створаныя вядомымі мастакамі разам са зняволенымі.

Асаблівасцю праекта стане размяшчэнне мастацкіх інсталяцый за межамі турэмных муроў, што дазволіць жыхарам гарадоў убачыць плён гэтага незвычайнага супрацоўніцтва.

Паводле задумы арганізатараў, мастацтва павінна стаць мостам паміж двума светамі, спрыяючы пераасэнсаванню ролі пенітэнцыярных устаноў у грамадстве.
 

17 снежня 2024, 14:41