Украінскія спецыялісты падчас знаходжання ў дзіцячым шпіталі Bambino Gesù у Рыме Украінскія спецыялісты падчас знаходжання ў дзіцячым шпіталі Bambino Gesù у Рыме 

Урачы з Украіны вучацца ў папскім шпіталі лячыць ваенныя траўмы

Дзесяць урачоў-рэабілітолагаў з дзіцячых шпіталяў Львова і Кіева праходзяць стажыроўку ў рымскім педыятрычным шпіталі Bambino Gesù па рэабілітацыі дзяцей з ваеннымі траўмамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Супрацоўніцтва паміж папскім і ўкраінскімі шпіталямі адбываецца ў межах праекта па ўмацаванні магчымасцей украінскіх медыцынскіх устаноў у лячэнні ахвяр выбуховых прылад. Праект фінансуецца Італьянскім агенцтвам па супрацоўніцтве ў развіцці.

"У такі складаны для Украіны час такая падрыхтоўка з'яўляецца чымсьці большым, чым проста магчымасцю атрымаць новыя тэхнічныя веды", - адзначыла Марыя Разарыя Барача, кіраўніца праграмы аховы здароўя Фонду Soleterre ва Украіне. Яна падкрэсліла, што гэта каштоўная магчымасць для ўкраінскіх урачоў не толькі абмяняцца досведам з адной з лепшых еўрапейскіх клінік, але і знайсці момант перадышкі "далёка ад сірэн і ракет".

У папскім шпіталі ўкраінскія спецыялісты атрымліваюць практычныя веды ў такіх галінах, як лячэнне дыхальных шляхоў і вентыляцыя лёгкіх, рэабілітацыя пасля чэрапна-мазгавых траўмаў і парушэнняў прытомнасці, лячэнне спастычнасці з выкарыстаннем батулінавага таксіну.

Асаблівая ўвага надаецца сучасным метадам пратэзавання і выкарыстання робататэхнікі, а таксама комплекснаму падыходу да пацыентаў са складанымі формамі інваліднасці і праблемамі глытання. Гэтыя веды асабліва важныя для лячэння дзяцей, якія пацярпелі ад выбуховых прылад.

"Вярнуцца ва Украіну з канкрэтнымі інструментамі для паляпшэння якасці педыятрычнай дапамогі і магчымасцю падзяліцца гэтымі навыкамі з калегамі – гэта не толькі крок наперад для сістэмы аховы здароўя, але і акт надзеі для многіх дзяцей, якія маюць патрэбу ў якаснай рэабілітацыі", - дадала Барача.

Супрацоўніцтва паміж шпіталямі замацавана афіцыйным дакументам, які быў падпісаны ў прысутнасці дырэктаркі Soleterre Крысціны Карнэлі, старшыні шпіталя Bambino Gesù Тыцыяна Анэсці і кіраўніцы ўкраінскага фонду Запорука Наталлі Аніпка. Гэта пагадненне накіравана на развіццё доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж медыцынскімі ўстановамі Святога Пасада і Украіны.
 

06 снежня 2024, 11:21