Царква Святога Георгія ў  Алепа Царква Святога Георгія ў Алепа  (AFP or licensors)

Біскуп з Алепа: паўстанцы гарантуюць бяспеку хрысціянам

Біскуп Хана Ялуф, апостальскі вікарый Алепа, паведаміў пра сустрэчу з лідарам паўстанцаў Абу Мухамадам аль-Джаўлані, які паабяцаў шанаваць правы хрысціян і іншых меншасцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля дзесяцідзённага наступу паўстанцаў і падзення рэжыму Башара Асада, які кіраваў Сірыяй 24 гады, новая ўлада робіць першыя крокі да ўсталявання міру і парадку ў краіне. Асаблівую ўвагу надаюць пытанню рэлігійных меншасцей.

"Мы спадзяёмся, што падзенне рэжыму прывядзе да новага, станоўчага этапу для ўсёй Сірыі. Я размаўляў з лідарам джыхадыстаў з Хаят Тахрыр аш-Шам, Абу Мухамадам аль-Джаўлані і яго намеснікам. Ён запэўніў мяне, што нашая годнасць, нашы правы, наша маёмасць, як і правы іншых меншасцей будуць паважацца", - сказаў біскуп Ялуф італьянскаму агенцтву SIR.

"Усе просьбы, якія я прадставіў падчас сустрэчы з ім, калі ён толькі ўвайшоў у Алепа, былі рэалізаваны. Гэта датычыцца хрысціян у Алепа і павагі да нашых месцаў культу, хрысціянскай маёмасці, такой як дамы, зямля, офісы, крамы і фабрыкі", - прызнаўся іерарх.

Біскуп Ялуф таксама падкрэсліў неабходнасць міжнароднай падтрымкі для аднаўлення краіны. "Перш за ўсё міжнародная супольнасць павінна адмяніць санкцыі, каб аднавіць эканоміку краіны і даць надзею грамадству, якое пакутуе ад беднасці. Затым яна павінна ўнесці свой уклад у аднаўленне краіны, знішчанай вайной і землятрусам у лютым 2023 года", - заявіў іерарх.
 

10 снежня 2024, 11:04