Каралеўская пара пераносіць сустрэчу з Папам Францішкам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Візіт караля і каралевы ў Святы Пасад быў адкладзены па ўзаемнай згодзе, паколькі медыцынскія рэкамендацыі сведчаць пра тое, што для Папы Францішка будзе карысным больш працяглы перыяд адпачынку і аднаўлення", - гаворыцца ў паведамленні каралеўскай сям'і на платформе X.
Першапачаткова візіт быў запланаваны на 8 красавіка 2025 года і меў на мэце адзначыць значны прагрэс у адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай Царквой. Праграма ўключала экуменічнае набажэнства ў Сікстынскай капэле, прысвечанае тэме "Клопат пра стварэнне".
"Іх Каралеўскія Вялікасці перадаюць Пантыфіку найлепшыя пажаданні ў яго аднаўленні і з нецярпеннем чакаюць магчымасці наведаць яго ў Святым Пасадзе, калі ён паправіцца", - дадаецца ў заяве Букінгемскага палаца.
У рамках візіту кароль Карл III таксама планаваў наведаць Базіліку Святога Паўла па-за Мурамі, "з якой англійскія каралі мелі асаблівую сувязь да рэфармацыі", як паведамляецца ў прэс-рэлізе.
Нягледзячы на адтэрміноўку візіту ў Ватыкан, каралеўская пара плануе ажыццявіць астатнія элементы свайго красавіцкага дзяржаўнага візіту ў Італію.