Папа Францішак Папа Францішак 

Дзяржсакратар: Папа спакойны, нягледзячы на абвінавачванні

Папа застаецца спакойным, нягледзячы на абвінавачванні з боку былога нунцыя ў ЗША, адзначыў кардынал Пьетра Паралін.

У інтэрв’ю італьянскаму выданню “La Stampa” Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прызнаўся, што дакумент арцыбіскупа Карла Марыі Вігано, які абвінаваціў Францішка ў тым, што ён ведаў пра злоўжыванні кардынала Тэадора МакКарыка з 2013 г., выклікаў у яго “вялікі боль”.

Кардынал Паралін выказаў спадзяванне, што “ўсе будуць працаваць над пошукам праўды і справядлівасці, каб менавіта гэта было арыенцірам, а не іншыя рэчы”.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі не стаў каментаваць асобныя абвінавачванні, у тым ліку супраць яго самаго. Ён паўтарыў словы Францішка, сказаныя журналістам падчас прэс-канферэнцыі падчас пералёта з Дубліна ў Рым, аб тым, што “гэты дакумент кажа сам за сябе”.

“[Папа для нас з’яўляецца вялікай ласкай, нават перад абліччам такіх спраў, якія вядома выклікаюць шмат горычы і заклапочанасці. Але ён мае здольнасць захоўваць вельмі спакойныя адносіны да гэтага пытання]”

- сцвердзіў іерарх.

Адказваючы на меркаванне, што візіт Святога Айца ў Ірландыю быў “складаным”, па прычыне злоўжыванняў, якія мелі месца ў гісторыі Касцёла ў гэтай краіне, кардынал Паралін зазначыў, што асаблівых цяжкасцяў не было.

Увагу СМІ да праблемы злоўжыванняў ён назваў “нармальнай і натуральнай”, пасля таго, што здарылася. “Я думаю, што Папа заняў вельмі выразную і сур’ёзную пазіцыю па гэтым пытанні. Я асабіста не заўважыў ніякіх цяжкасцяў падчас гэтага візіту”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

30 жніўня 2018, 16:08