Камісія па абароне непаўналетніх абмеркавала апошнія падзеі
9 верасня 2018 г. яна завяршыла сваё трохдзённае пленарнае пасяджэнне. Падчас яго прагучалі два сведчанні ахвяр сексуальных злоўжыванняў духавенства.
“Праблемы, якія ўзніклі ў апошнія месяцы, не толькі засяроджваюць увагу грамадскасці на пытанні сур’ёзнасці злоўжыванняў, але і даюць магчымасць падкрэсліць важнасць інструментаў прафілактыкі і зрабіць так, каб будучыня адрознівалася ад нашага мінулага”, - лічаць члены структуры.
Папская камісія таксама абвясціла аб запуску пілотнага праекта ў Бразіліі па стварэнні бяспечнай прасторы, дзе ахвяры злоўжыванняў змогуць падзяліцца сваёй трагедыяй. Стварэнне кансультатыўных груп, у якія ўвайшлі б такія асобы, на думку членаў Камісіі, можа дапамагчы мясцовым іерархам у намаганнях па гарантаванні бяспекі дзяцей і падлеткаў.
У паведамленні гаворыцца, што адной з ініцыятыў папскай структуры стане канферэнцыя па абароне непаўналетніх для прадстаўнікоў Касцёла з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Яна запланавана на красавік 2019 г.