Папскі хор у цэнтры ўвагі ватыканскіх праваахоўных органаў
У сувязі з паведамленнямі СМІ, Зала Друку Апостальскай Сталіцы пацвердзіла, што некалькі месяцаў таму Святы Айцец Францішак “ухваліў расследаванне фінансава-адміністрацыйных аспектаў дзейнасці ўзгаданага хору”, гаворыцца ў спецыяльным камюніке, якое было апублікавана 13 верасня 2018 г. Удакладняецца, што следчыя дзеянні яшчэ працягваюцца.
Паводле інфармацыі СМІ, у цэнтры ўвагі ватыканскіх праваахоўных органаў апынулася кіраўніцтва музычнага калектыву, якое падазраецца ў неналежным выкарыстанні фінансавых сродкаў ад яго канцэртнай дзейнасці.
Хор Папскай музычнай Сікстынскай капэлы з’яўляецца старэйшым музычным калектывам у свеце. Ён суправаджае літургічныя цэлебрацыі з удзелам Святога Айца з канца ХV ст.
16 кастрычніка 2010 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў кіраўніком капэлы мансеньёра Масіма Паламбэлу. У 2015 г. Францішак пацвердзіў яго на пасадзе, а ў 2017 г. прызначыў таксама кансультантам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліцы Сакрамэнтаў.