Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

На Сінодзе прадставілі першыя справаздачы рабочых груп

Справаздачы рабочых груп па першай частцы Працоўнага дакумента Сінода былі галоўнай тэмай Асамблеі ў першай палове дня 9 кастрычніка 2018 г., паведамілі на штодзённым брыфінгу ў Ватыкане.

Пасля дыскусій у рабочых групах, так званых “circoli minori”, Сінадальнымі Айцамі былі прадстаўлены чатырнаццаць справаздач на шасці мовах з прапановамі адносна пытання, як Касцёл можа пачуць моладзь.

Касцёл павінен пазбягаць самадастатковасці і стэрэатыпаў, а таксама клапаціцца аб пераканаўчасці свайго сведчання. Неабходна раскрыць патэнцыял моладзі. Яна павінна быць галоўнай дзеючай асобай працэсаў, а не толькі асобных падзей. Толькі такім чынам маладыя людзі будуць здольнымі евангелізаваць сваіх аднагодак. Гэтыя думкі прагучалі ў справаздачах.

Падчас прац у рабочых групах звярталася ўвага на тое, што трэба прапаведаваць моладзі з радасцю, пазбягаць маралізатарства, дэманстраваць, што жыццё – гэта адказ на пакліканне, якое Бог дае кожнаму.

Рабочыя групы факусіраваліся на “лічбавай культуры”, якая стала неад’емнай часткай жыцця сучаснай моладзі. Звярталася ўвага на добрыя бакі выкарыстання інтэрнэта. Гаворка ішла і пра кепскія, звязаныя з умацаваннем пачуцця самотнасці, прывязанасцю да камп’ютэраў, аслабленнем здольнасці канцэнтраваць увагу і разумець доўгія і складаныя тэксты, “віртуальнай міграцыяй”, калі моладзь цалкам “перасяляецца” у свой, часта выдуманы, свет. У гэтым кантэксце важна, каб Касцёл суправаджаў юнакоў і дзяўчат, навучаючы, што інтэрнэтам трэба карыстацца, а не дазваляць, каб ён карыстаўся імі.

У рабочых групах гаворка ішла і пра рашучую барацьбу з сексуальнымі злоўжываннямі, якія падрываюць давер да Касцёла, клопаце пра ахвяр гэтых злачынстваў і пошуку прабачэння і прымірэння. Адзначалася патрэба ў больш ясным і гуманным выказванні па пытаннях, звязаных з сексуальнасцю, не забываючыся пра мову тэалогіі.

Вялася размова пра важнасць адукацыі, якая павінна быць грунтоўнай, міждысцыплінарнай і цэласнай. Падкрэслівалася, што менавіта адукацыя і выхаванне, гэта лепшыя сродкі супраць фундаменталізму і нецярпімасці.

Асабліва ўвага звярталася на патрэбу ва ўмацаванні інстытута сям’і. Дарослыя павінны дапамагаць маладым людзям сустрэцца з Езусам. Таксама і Касцёл, які з’яўляецца “сям’ёй сем’яў”, пакліканы гарантаваць моладзі сямейную атмасферу, у якой яна можа быць выслухана, прынята, мець магчымасць сустрэць любоў і клопат, падтрымку ў развіцці і рэалізацыі мар і задум.

Удзельнікі рабочых груп падкрэслівалі, што добрая фармацыя тычыцца таксама і пастыраў. Існуе патрэба ў новым святарскім ладзе жыцця, а таксама ў біскупах, здольных з кампетэнтнасцю суправаджаць моладзь, супрацьстаяць секулярызацыйным тэндэнцыям.

Некаторыя рабочыя групы прапанавалі, каб Пасланне Сінода Біскупаў да моладзі насіла апавядальны характар, давала хрысціянскую надзею праз прароцкія словы, у якіх будзе адлюстроўвацца позірк Бога на моладзь. У гэтай перспектыве выказвалася пажаданне, каб пасланне было мультымедыйным, утрымлівала не толькі тэкст, але і відэа- і фотаматэрыялы.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 кастрычніка 2018, 15:16