Пошук

Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў 

Сінод Біскупаў: працягваецца праца ў рабочых групах

На Сінодзе Біскупаў працягваюцца дыскусіі ў рабочых групах, паведаміў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні падчас брыфінгу, які 13 кастрычніка 2018 г. прайшоў у Ватыкане.

У цэнтры ўвагі Сінадальных Айцоў знаходзіцца другая частка Працоўнага дакумента Асамблеі, прысвечаная веры і распазнанню паклікання. Дыскусіі на гэту тэму будуць працягвацца таксама ў бліжэйшы панядзелак. Справаздачы адносна працы ў рабочых групах будуць прадстаўлены 16 кастрычніка.

Падчас брыфінгу зазначалася, што папа Францішак актыўна прымае ўдзел у сходзе. Ён уважліва слухае пра што гавораць удзельнікі Асамблеі, занатоўвае некаторыя думкі, а таксама бярэ слова падчас свабодных дыскусій.

Прысутны на сустрэчы з журналістамі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы паўднёваафрыканскі кардынал Уілфрыд Фокс Напье, арцыбіскуп Дурбану, адзначыў, што біскупы з Афрыкі заўважалі некаторыя “белыя плямы” ў Працоўным дакуменце Сінода. Напрыклад, у ім гаворыцца пра тое, што моладзь аддаляецца ад Касцёла, у той час як на афрыканскім кантыненце, наадварот, маладыя людзі шукаюць Езуса і адказы на свае пытанні менавіта ў Касцёле. Паводле яго слоў, неаднароднасць сітуацыі ў свеце павінна быць адлюстравана ў Выніковым дакуменце Асамблеі.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 кастрычніка 2018, 14:14