#Synod2018: дыскусіі аб дакументах Асамблеі
Праект Ліста да моладзі ўсяго свету быў прачытаны ў Сінадальным зале сёння раніцай. Плануецца, што ён будзе абнародаваны ў нядзелю 28 кастрычніка, падчас урачыстай св. Імшы на завяршэнне Сінода. Дакумент будзе скіраваны да ўсіх людзей маладога ўзросту, каб напоўніць іх надзеяй і ўпэўненасцю ў блізкасці Касцёла, заўважаў Руфіні. Ліст будзе кароткім, удакладніў ён.
Сінадальныя Айцы падзякавалі членам камісій, якія займаліся рэдагаваннем дакументаў Асамблеі, а таксама выказвалі прапановы і заўвагі, адносна іх зместу. Падкрэслівалася, што праект Выніковага дакумента Сінода з’яўляецца гарманічным па сваёй структуры.
Звярталася ўвага, што сучасны Касцёл павінен адкінуць канфармізм, не дазваляць, каб СМІ і распаўсюджаныя меркаванні абумоўлівалі яго дзейнасць і перашкаджалі працэсу распазнання. Касцёл пакліканы прымаць “дзейсныя рашэнні” на мясцовым узроўні, бо “самы сапраўдны Сінод пачнецца 29 кастрычніка”, калі завяршыцца праца ў Ватыкане.
Перад дыскусіямі ўдзельнікі біскупскага сходу пазнаёміліся з працэдурай абрання Звычайнай Рады наступнага Сінода Біскупаў. Яе склад будзе пашыраны з цяперашніх 15 да 21 іерархаў.