Пошук

Удзельнікі св. Імшы на завяршэнне Сінода Біскупаў Удзельнікі св. Імшы на завяршэнне Сінода Біскупаў 

Сінадальныя Айцы скіравалі Ліст да моладзі

Сінадальныя Айцы скіравалі Ліст да моладзі свету. Ён быў зачытаны падчас ўрачыстай св. Імшы на заканчэнне XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якую 28 кастрычніка 2018 г. Папа цэлебраваў у Ватыкане.

Звяртаючыся да моладзі са “словам надзеі, даверу і суцяшэння” Сінадальныя Айцы, запэўнілі, што сабраліся разам, каб слухаць голас “вечнага маладога” Хрыста і распазнаць у Ім шматлікія галасы, воклічы радасці, плач і маўчанне сучаснай моладзі.

“Мы ведаем пра вашы духоўныя пошукі, вашы радасці і спадзяванні, боль і трывогі, якія вас непакояць. Жадаем, каб вы выслухалі зараз наша слова: мы прагнем быць супрацоўнікамі вашай радасці, каб вашы чаканні ператварыліся ў ідэалы”, - гаворыцца ў лісце.

Удзельнікі Сінода выказалі ўпэўненасць у жаданні моладзі актыўна дзейнічаць дзеля ўцелаўлення сваіх мар ва ўласным жыцці і гісторыі чалавецтва.

“Няхай нашы недахопы не прыгнечваюць вас, а слабасці і грахі не будуць перашкодай для вашага даверу. Касцёл – ваша Маці, ён вас не пакіне. Ён гатовы спадарожнічаць вам на новых шляхах, на высокіх сцежках, дзе Дух дзьме мацней, разганяючы туман абыякавасці, павярхоўнасці, роспачы”, - напісалі Сінадальныя Айцы.

Біскупы заклікалі моладзь дапамагчы сучаснаму свету, які засяроджаны на матэрыяльных рэчах, хуткім поспеху, задавальненнях, які раструшчвае самых слабых, “падняцца і скіраваць позірк да любові, прыгажосці, праўды і справядлівасці”.

“На працягу месяца мы крочылі разам з некаторымі з вас і многімі іншымі, злучанымі з намі праз малітву і падтрымку. Зараз мы жадаем працягваць шлях па ўсіх частках Зямлі, куды Пан Езус нас паслылае як місійных вучняў. Касцёл і свет маюць тэрміновую патрэбу ў вашым энтузіязме. Станавіцеся спадарожнікамі для самых слабых, бедных, параненых жыццём. Вы – гэта сённяшні дзень, будзьце ж самай светлай будучыняй”, - заклікалі моладзь Айцы Сінода.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 кастрычніка 2018, 11:28