Сінадальныя Айцы скіравалі Ліст да моладзі
Звяртаючыся да моладзі са “словам надзеі, даверу і суцяшэння” Сінадальныя Айцы, запэўнілі, што сабраліся разам, каб слухаць голас “вечнага маладога” Хрыста і распазнаць у Ім шматлікія галасы, воклічы радасці, плач і маўчанне сучаснай моладзі.
“Мы ведаем пра вашы духоўныя пошукі, вашы радасці і спадзяванні, боль і трывогі, якія вас непакояць. Жадаем, каб вы выслухалі зараз наша слова: мы прагнем быць супрацоўнікамі вашай радасці, каб вашы чаканні ператварыліся ў ідэалы”, - гаворыцца ў лісце.
Удзельнікі Сінода выказалі ўпэўненасць у жаданні моладзі актыўна дзейнічаць дзеля ўцелаўлення сваіх мар ва ўласным жыцці і гісторыі чалавецтва.
“Няхай нашы недахопы не прыгнечваюць вас, а слабасці і грахі не будуць перашкодай для вашага даверу. Касцёл – ваша Маці, ён вас не пакіне. Ён гатовы спадарожнічаць вам на новых шляхах, на высокіх сцежках, дзе Дух дзьме мацней, разганяючы туман абыякавасці, павярхоўнасці, роспачы”, - напісалі Сінадальныя Айцы.
Біскупы заклікалі моладзь дапамагчы сучаснаму свету, які засяроджаны на матэрыяльных рэчах, хуткім поспеху, задавальненнях, які раструшчвае самых слабых, “падняцца і скіраваць позірк да любові, прыгажосці, праўды і справядлівасці”.
“На працягу месяца мы крочылі разам з некаторымі з вас і многімі іншымі, злучанымі з намі праз малітву і падтрымку. Зараз мы жадаем працягваць шлях па ўсіх частках Зямлі, куды Пан Езус нас паслылае як місійных вучняў. Касцёл і свет маюць тэрміновую патрэбу ў вашым энтузіязме. Станавіцеся спадарожнікамі для самых слабых, бедных, параненых жыццём. Вы – гэта сённяшні дзень, будзьце ж самай светлай будучыняй”, - заклікалі моладзь Айцы Сінода.