#Synod2018: маладыя аўдытары падзякавалі Францішку за Сінод
Юнакі і дзяўчаты з розных краін свету, якія прымалі ўдзел у XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў у якасці аўдытараў, прадэманстравалі свае мары, памкненні і турботы з дапамогай паэзіі, спеваў і танцаў. Яны таксама перадалі Францішку ліст, у якім падзякавалі за клопат пра новыя пакаленні.
“Сённяшні свет, які нясе нам, моладзі, нечуваныя магчымасці, але таксама і пакуты, патрабуе новых адказаў і новай сілы любові. Ён мае патрэбу ў тым, каб знайсці надзею на шчаслівае жыццё, якое больш пазнаецца ў тым, каб даваць, чым браць, працуючы на карысць лепшага свету”, - напісала “сінадальная моладзь”.
Маладыя аўдытары запэўнілі Святога Айца ў малітве і падтрымцы таго шляху, які ён ініцыяваў. “Мы падзяляем тваю мару аб Касцёле, які выходзіць насустрач людзям, адкрыты для ўсіх, асабліва для самых слабых, аб Касцёле, як “палявым шпіталі”, - дадалі яны.
Моладзь падкрэсліла, што ўжо з’яўляецца актыўнай часткай Касцёла і прагне працягваць сваю дзейнасць на карысць будавання лепшага грамадства, культуры міру і салідарнасці, у цэнтры чаго знаходзяцца бедныя, у якіх можна распазнаць аблічча самога Езуса Хрыста.