Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар: палітыка патрабуе лідараў, здольных весці дыялог

Існуе патрэба ў новым палітычным класе, здольным весці дыялог і знаходзіць рашэнні канфліктаў, усё больш і больш шматлікіх і разнастайных, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца прыняў удзел у сустрэчы дэлегацыі міжнароднай асацыяцыі “Rondine Cittadella della Pace” з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Апостальскай Сталіцы. Яна прайшла 28 лістапада 2018 г. у Ватыкане.

“[Заданне Апостальскай Сталіцы заключаецца ў садзейнічанні, наколькі гэта магчыма, больш шырокаму дыялогу паміж усімі суб’ектамі і структурамі, што працуюць у сферы абароны правоў чалавека і спрыяння агульнаму дабру]”

, - падкрэсліў іерарх.

Кардынал выказаў падтрымку асацыяцыі, якая на працягу дваццаці гадоў спрыяе будаванню мірнага грамадства праз адукацыю моладзі, з мэтай фарміравання “новага кіруючага класа, у якім існуе тэрміновая патрэба, здольнага весці дыялог і знаходзіць рашэнні канфліктаў, усё больш і больш шматлікіх і разнастайных, ставячы ў цэнтр агульнае дабро і павагу да правоў усіх, пачынаючы ад самых слабых”.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы заклікаў прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса падтрымаць фармацыйную кампанію асацыяцыі “Rondine” пад назвай “Leaders for Peace” (Лідары на карысць міру), адрасаваную моладзі і грамадскім структурам у розных краінах свету.

3 снежня 2018 г. прадстаўнікоў “Rondine Cittadella della Pace” на аўдыенцыі прыме папа Францішак.
 

29 лістапада 2018, 11:33