Кардынал Дзяржсакратар пра Кітай і католікаў у палітыцы
Бліжэйшы супрацоўнік Папы ўзяў слова падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця новага акадэмічнага года на Тэалагічным факультэце рэгіёна Эмілія-Раманья (Facoltà teologica dell'Emilia-Romagna). Каментуючы пагадненне з Кітаем, ён зазначыў, што “зараз мэта заключаецца ў тым, каб не было біскупаў, якія не знаходзяцца ў еднасці са Святым Пасадам”.
“Спадзяемся, што дамова будзе добра функцыянаваць і будзе існаваць добрая воля, як з кітайскага боку, так і з нашага, каб ажыццявіліся прадугледжаныя рашэнні. Гэта нялёгка, маючы за плячыма складаныя гады, але шлях, які мы прайшлі разам, умацаваў давер паміж бакамі, нават калі і цяжка пазбавіцца пэўнага ладу мыслення”, - сказаў іерарх.
Гаворачы аб сітуацыі з міграцыяй, кардынал Паралін нагадаў пра важнасць адкрытасці і гасціннасці ў адносінах да людзей, вымушаных пакідаць свае родныя краіны. “Некаторыя палітычныя лідары прызнаюць, што пазіцыя Касцёла і Святога Айца слушная: Касцёл выконваў і выконвае свой абавязак”, - дадаў ён.
Высокі ватыканскі іерарх выказаў занепакоенасць у сувязі з аслабленнем прысутнасці католікаў у палітычнай сферы. “Свет вельмі змяніўся і вяртанне ў мінуўшчыну мне не здаецца магчымым, але думаю, што католікі могуць зрабіць важны ўнёсак у жыццё грамадства, у розныя яго сферы, у тым ліку палітычную. Турбуе той факт, што іх голас стаў ціхім, амаль нячутным”, - сказаў кардынал.
Дзяржсакратар Яго Святасці выказаўся і пра выклікі, якія стаяць перад сучаснымі святарамі. У гэтым кантэксце ён заклікаў пастыраў пазбягаць “геройства” і засяроджвацца на абвяшчэнні Евангелля, каб клопат і ўвага да вернікаў заставаліся іх фундаментальнымі рысамі.
Сёння, як ніколі раней, існуе патрэба ў святарах, здольных з мудрасцю адказваць на пытанні, якія ставіць складанае грамадства; здольных выходзіць за рамкі прывычных схем; здольных станавіцца пастырамі і вучнямі, якія “прымаюць на сябе рысы Езуса: лагоднасць, пакору, увагу да патрэб іншых людзей, блізкасць”, лічыць кардынал Паралін.
“Свет мае патрэбу ў пастырах чалавечных, па-сапраўднаму свабодных, якія ўмеюць жыць мірнымі міжасабовымі зносінамі. Чалавек міру і згоды – гэта знак Божай ласкавасці. Нам патрэбныя пасярэднікі, якія ўмеюць быць блізкімі да людзей”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.